2011-08-04 13:45:50

Рока Буцільёнэ: мы павінны нанава прынесці праўду ў палітыку


RealAudioMP3 Адзін з самых выбітных каталіцкіх палітычных дзеячаў Еўропы заклікаў новае пакаленне палітыкаў абараняць традыцыйныя хрысціянскія ідэалы. “Нам патрэбны сумленныя людзі ў палітыцы”, - заявіў Рока Буцільёнэ, віцэ-старшыня Палаты дэпутатаў італьянскага парламента ў інтэрв’ю амерыканскаму каталіцкаму агенцтву “CNA”. На яго думку, у хрысціянстве існуе вялікі патынцыял каштоўнасцяў, якія трэба ўвесці ў палітычнае жыццё, і, такім чынам, “сваімі рукамі ствараць будучыню Зямлі”.

Прозвішча Буцільёнэ віднела ў загалоўках СМІ ва ўсім свеце ў 2004 г., калі яго кандыдатура ў якасці старшыні Еўракамісіі была заблакавана з-за яго каталіцкіх поглядаў на гомасексуалізм.

“Добрыя рэчы маюць высокую цану, але яны таго вартыя. Калі вы хочаце быць католікам у палітыцы, часам трэба ісці на ахвяры і паставіць сумленне вышэй за сваё месца, сваю пасаду ў палітыцы. Ці вы будзеце давяраць чалавеку, які паставіў сваю палітычную кар'еру вышэй за сваё сумленне?” - запытаў Буцільёнэ. “Я думаю, - сказаў ён - што мы часта забываемся, што дэмакратыя з'яўляецца вельмі і вельмі дэлікатным творам”, - нагадаў палітык, гаворачы аб першай дэмакратыі ў Старажытнай Грэцыі, якая развалілася пасля 171 года існавання.

“У чым прычына таго, што грэцкая дэмакратыя памерла? - запытаў італьянскі палітык - Маральны рэлятывізм і карупцыя”, адказаў ён, дадаўшы, што сённяшнія прадстаўнікі релятывізму, па сутнасці – інтэлектуальныя нашчадкі сафістаў Старажытнай Грэцыі.

“Заходнія дэмакратыі знаходзяцца ў стане небяспекі смерці, таму што палітычная дзейнасць не заснавана на прынцыпах”, - адзначыў італьянскі каталіцкі палітык і дадаў - “Мы павінны нанава прынесці праўду ў палітыку. Мы павінны быць здольныя сказаць праўду народу. Вельмі часта палітыкі не гавораць праўду. Вельмі часта палітыкі кажуць людзям, тое што апошнія хочуць пачуць. А тое, што людзі хочуць пачуць вельмі часта не з’яўляецца ісцінай”.







All the contents on this site are copyrighted ©.