2011-08-04 15:17:59

Бельгія: рэакцыя хрысціян на закон аб забароне нашэння паранджы


RealAudioMP3 Хрысціяне Бельгіі выказалі сваю ацэнку закона, які забараняе нашэнне ў грамадскіх месцах некаторых відаў традыцыйнай мусульманскай жаночай вопраткі. Ён уступіў у сілу некалькі дзён таму.

Праваслаўны біскуп Афінагор, іерарх Канстантынопальскага Патрыярхату, выказаў падтрымку ўзаконеным забаронам на нашэнне нікаба і паранджы. Паводле яго слоў, адно з асноўных палажэнняў хрысціянскага веравучэння гаворыць, што “чалавек створаны асобай” і ён або яна павінны мець магчымасць глядзець і бачыць іншых, каб “быць паўнавартаснай асобай”. “Большасць тых, хто апранае паранджу, робяць гэта з прымусу. А гэта і ёсць рэальнае парушэнне правоў чалавека”, - упэўнены іерарх.

Прадстаўнік Канферэнцыі Біскупаў Бельгіі Герт Лезарге сказаў, што Каталіцкі Касцёл пакуль не праводзіў кансультацый па гэтым пытанні і, адпаведна, не выпрацаваў ніякага канкрэтнага меркавання адносна закона і яго магчымага ўплыву на міжрэлігійныя адносіны ў краіне.

Філіп Шэвалье, старшыня Брусэльскага міжцаркоўнага камітэта, заявіў, што “поўнае хаванне асобы з дапамогай вопраткі зусім непрымальна і абуральна”, хоць, на яго думку, значнасць закона не трэба перабольшваць, бо ён тычыцца невялікай колькасці вернікаў мусульманскай супольнасці Бельгіі.

Закон аб забароне нашэння ў грамадскіх месцах на тэрыторыі Бельгіі традыцыйнага жаночага мусульманскага адзення – паранджы і нікаба – уступіў у сілу 23 ліпеня. Бельгія, такім чынам, стала другой пасля Францыі краінай Еўрасаюза, у якой забаронена нашэнне гэтых відаў мусульманскай вопраткі. Па прыблізных падліках грамадскіх арганізацый, у Бельгіі паранджу пастаянна носяць каля 270 жанчын-мусульманак.







All the contents on this site are copyrighted ©.