2011-08-03 12:08:10

Сусветныя дні моладзі ў Мадрыдзе б’юць рэкорды


RealAudioMP3 Выканаўчы дырэктар Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе Яго дэла Ч’ерва, заявіў нядаўна, што “ніхто не павінен турбавацца” што маладыя людзі, якія збіраюцца на форум, будуць плаціць за ўсё з уласнай кішэні.

У інтэрв'ю агенцтву “Europa Press”, дэла Ч’ерва адказаў на крытыку Сусветных дзён моладзі, якая, паводле яго, “была заснавана на няпоўнай або прадузятай інфармацыі”. На думку выканаўчага дырэктара, гэта няпраўда, што арганізатары будуць выкарыстоўваць выключна грошы ўдзельнікаў для правядзення форуму. “Гэта або недахоп інфармацыі, або наўмыснае шкоджанне”, - заявіў ён.

Дэла Ч’ерва адзначыў, што падзея – гэта “вялікі міжнародны фестываль”, які можа дапамагчы “палепшыць сітуацыю маладых людзей”. Хоць многія сёння ў Еўропе і свеце лічаць рэлігію “негатыўным фактарам”, маладыя людзі бачаць у ёй “нешта станоўчае, што дапамагае ім быць лепшымі”.

Што тычыцца пратэстаў супраць візіта Папы, якія плануюцца некаторымі асяроддзямі за дзень да прыбыцця Пантыфіка ў Мадрыд, паводле дэла Ч’ервы, трэба адносіцца да іх спакойна, паколькі Іспанія з'яўляецца “вольнай і дэмакратычнай краінай”, дзе свабода самавыяўлення дапускаецца ў межах “грамадскага парадку і павагі да асобы”.

Выканаўчы дырэктар Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе сказаў, што канчатковая колькасць удзельнікаў да гэтага часу не вызначана, бо кожны дзень прыходзіць амаль 5 тыс. заявак на ўдзел. “Гэта значыць, больш тэлевізійных экранаў, больш месцаў гігіены і больш ежы”, - сказаў дэла Ч’ерва. “Мы ўносім змены ў выдаткі ў залежнасці ад колькасці людзей, якія зарэгістраваліся для ўдзелу”, - сказаў ён.

Выканаўчы дырэктар адзначыў, што Сусветныя дні моладзі ў Мадрыдзе пабілі ўсе рэкорды папярэдніх форумаў па колькасці рэгістрацый удзельнікаў ужо за два тыдні перад пачаткам мерапрыемства. Старшыня Папскай рады па справах свецкіх, кардынал Станіслаў Рылка, заявіў, што да ўдзелу ў форуме ўжо зарэгістравалася каля 450 тыс. маладых людзей. Улічваючы тое, што звычайна рэгістрацыю праходзіць адна трэцяя ўсіх удзельнікаў, чакаецца, што ў сёлетніх днях моладзі прыме ўдзел больш за мільён маладых людзей.







All the contents on this site are copyrighted ©.