2 жніўня ў іракскім
горадзе Кіркук адбыўся новы тэракт. Узарвалася замініраваная машына, якая знаходзілася
побач з хрысціянскім храмам. Пацярпела не менш за 14 асоб, у тым ліку – святар, паведаміла
Руская служба “Радыё Свабода”. У выніку выбуху будынак царквы атрымаў моцныя пашкоджанні,
разбураны дзясяткі бліжэйшых дамоў.
Хрысціяне ў Іраку часта становяцца мэтай
нападаў з боку ісламскіх экстрэмістаў. З 2003 г. краіну пакінулі тысячы хрысціян.
Кіркук, горад, дзе пражывае змяшанае насельніцтва – курды, арабы-суніты і туркмены,
рэгулярна падвяргаецца нападам экстрэмістаў. Апошні буйны тэракт у горадзе з 750-тысячным
насельніцтвам быў здзейснены 20 чэрвеня 2011 г., калі смяротнік падарваў замініраваны
грузавік каля шыіцкай мячэці. Тады загінулі 73 чалавекі, а больш за 170, сярод якіх
было шмат жанчын і дзяцей, атрымалі раненні.