2011-08-02 14:06:06

Замбія: біскупы заклікаюць галасаваць за высокамаральных кандыдатаў


RealAudioMP3 З нагоды прэзідэнскіх і парламенскіх выбараў у Замбіі Канферэнцыя Біскупаў гэтай афрыканскай краіны сумесна з Радай Цэркваў і Евангельскай асацыяцыяй, звярнуліся да грамадзян краіны са зваротам, у якім заклікаюць галасаваць за палітычных лідэраў, якія маюць у сваіх палітычных, эканамічных і сацыяльных праграмах рэальныя прапановы па вываду краіны з беднасці і цяжкасцяў, якія перажывае простае насельніцтва.

Гэты зварот мае на мэце паспрыяць адказнаму галасаванню, каб да кіравання краінай “прыйшлі людзі з высокімі маральнымі якасцямі, уважлівыя да праблем людзей і здольныя адказаць на іх патрэбы”. У звароце адзначаецца таксама пазітыўны ўклад, што зрабіў у развіццё краіны прэзідэнт краіны Рупіа Банда. Гэта пазіцыя супадае з поглядамі некаторых сацыялістычных партый і прафсаюзаў. “Негледзячы на эканамічныя і матэрыяльныя цяжкасці, з якімі сустракаюцца многія грамадзяне Замбіі, нават шматлікія міжнародныя арганізацыі прызнаюць, што краіна зрабіла вялікі крок наперад у развіцці эканомікі, адносна іншых дзяржаў афрыканскага кантынента. Зараз галоўнай задачай з’яўляецца выбар такога лідэра, які будзе здольны перамагчы беднасць у краіне”, - адзначаецца ў звароце.

Гэта пасланне, з’яўляецца ўжо другім за апошні год зваротам каталіцкіх іерархаў адносна палітычнай сітуацыі ў краіне. У чэрвені 2011 г. дзяржаўныя СМІ абвінавачвалі Касцёл у падтрымцы палітычнай апазіцыі. У адказ на гэта старшыня епіскапата Замбіі, арцыбіскуп Джордж Лунгу, апублікаваў спецыяльнае пасланне, у якім выказаўся аб надуманасці гэтых абвінавачванняў і патлумачыў пазіцыю каталіцкага сацыяльнага навучання.







All the contents on this site are copyrighted ©.