2011-08-01 13:08:41

Кардынал Бэртонэ: без Эўхарыстыі і споведзі выхаванне немагчыма


RealAudioMP3 1 жніўня кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржсакратар Яго Святасці Бэнэдыкта XVI, адзначае 20 гадоў біскупскага пасвячэння. З гэтай нагоды ён узначаліў св. Імшу, якая прайшла ў катэдральным касцёле Верчэллі, горада на поўначы Італіі, дзе ў 1991 г. кс. Тарчызіо Бэртонэ атрымаў біскупскую сакру.

У сваёй кароткай прамове, іерарх адзначыў, што яму вельмі прыемна вярнуцца ў тое месца, адкуль пачыналася яго святарскае і біскупскае служэнне, каб падзякаваць Пану за шматлікія ласкі, якія ён атрымаў у жыцці. Кардынал запэўніў, што заўсёды памятае ў малітве аб мясцовай каталіцкай супольнасці і асабліва аб Эўхарыстычным кангрэсе, які пройдзе тут у верасні 2011 г. пад назвай “Калі эўхарыстычная супольнасць становіцца супольнасцю адукацыйнай”.

“Згодна са словамі св. Яна Боска, агульнапрызнанага вялікага выхавацеля, Эўхарыстыя і споведзь, з’яўляюцца двума самымі важнымі элементамі адукацыі. Як салезіянін, я не магу не паўтарыць яго словы: “Шмат гаворыцца аб розных адукацыйных сістэмах, але я не бачу больш надзейнага фундамента, акрамя таго, каб часта спавядацца і прымаць св. Камунію. Калі выключыць гэтыя два элементы, узровень маральнасці застанецца нізкім”, - сказаў кардынал Бэртонэ. “Навучаць супольнаму дабру і спрыяць таму, каб грамаскае жыццё праходзіла і ўзрастала ў якасці ў мірных умовах – гэта сапраўдная мэта кожнага адукацыйнага праекта. Таму не будзем забывацца аб касцёльнай прапанове адносна пабудовы грамадскага дабрабыту і пазітыўных адносін вакол нядзельнай Эўхарыстыі, крыніцы і кульмінацыі жыцця Касцёла”, - заклікаў кардынал Дзяржсакратар.







All the contents on this site are copyrighted ©.