2011-07-30 12:17:51

Сусветныя дні моладзі - момант асабістай сустрэчы з Богам


RealAudioMP3 “Калі ў жніўні 1989 г., падчас Сусветных дзён моладзі ў Санцьяга дэ Кампастэла, Мігуэль Дэлгада Галінда, малады адвакат, які стаяў сярод тысяч іншых людзей, што рытмічна выкрыквалі імя Яна Паўла ІІ, выражаючы сваю любоў да Пантыфіка, ён і не мог падумаць што ў будучыні будзе стаяць з іншага боку сцэны, ужо як падсакратар Папскай рады па справах свецкіх”, - так пачынаецца інтэрв’ю з кс. Дэлгада апублікаванае сёння на старонках “L’Osservatore Romano”. 18 чэрвеня 2011г. гэты іспанскі святар быў прызначаны Бэнэдыктам XVI на пасаду падсакратара Рады па справах свецкіх і цяпер займаецца падрыхтоўкай моладзевага форума ў Мадрыдзе.

Член Папскай прэлатуры “Opus Dei”, кс. Дэлгада адзначае, што Сусветныя дні моладзі не з’яўляюцца “каталіцкім Вудстокам, шматкультурным фестывалем моладзі ад якога не застанецца і следу пасля таго, як выключыцца апошні пражэктар”. “Ён з’яўляецца, негледзячы на шматлікую колькасць людзей, момантам асабістай сустрэчы з Хрыстом, якая можа перамяніць жыццё таго, хто ў ёй удзельнічае”, - адзначыў святар. “Канешне, такая сустрэча патрабуе падрыхтоўкі, якая пачынаецца з пасланнем, што Папа піша кожны год да моладзі з нагоды святкавання Пальмовай нядзелі. Існуе шмат парафій, асацыяцый, касцёльных рухаў, моладзевых груп, якія арганізуюць вывучэнне і разважанне над пасланнем Пантыфіка. Але найбольш каштоўныя плёны прыносіць асабісты кантакт паміж маладым чалавекам і Богам”, - адзначыў кс. Даленга.

Гаворачы аб ролі свецкіх у жыцці Касцёла, святар падкрэсліў, што менавіта свецкія з’яўляюцца большасцю ў Касцёле, і таму яны заслугоўваюць найбольшай увагі з боку пастыраў. “Перад намі заўсёды стаіць выклік адкрыць і па-сапраўднаму ацаніць іх пакліканне, укаранёнае ў сакрамэнтах хрысціянскай ініцыяцыі. Яно павінна заўсёды падтрымлівацца адпаведным выхаваннем, якое зробіць свецкіх больш свядомымі свайму пакліканню да евангелізацыі, г.зн., нясення Хрыста іншым”, сказаў член Папскай рады па справах свецкіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.