2011-07-30 11:18:02

Бэнэдыкт XVI скіруе пасланніка на ўрачыстасці ў Санта-Дамінга


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіруе спецыяльнага пасланніка на ўрачыстасці, якія пройдуць 7-9 жніўня ў Санта-Дамінга і Ла-Вега ў Дамініканскай рэспубліцы, а таксама ў Сан-Хуане ў Пуэрта-Рыка з нагоды заканчэння святкавання 500-гадовага юбілею ўстанаўлення першых касцёльных структур у Амерыцы. Прадстаўніком Святога Айца на гэтых урачыстасцях стане кардынал Карлас Аміга Валеё, арцыбіскуп Севільскі на пенсіі. У паведамленні Залі Друку Апостальскай Сталіцы паведамляецца, што іерарха будуць суправаджаць кс. Мануэль Антоніо Руіз Дэла Роса, адказны за адукацыю і евангелізацыю ў бедных раёнах і абарону жыцця і сям’і, які працаваў падчас ліквідацыі наступстваў землятрусу ў Гаіці, а таксама кс. Езус Кастра, біскупскі вікарый для духавенства архідыяцэзіі Санта Дамінга.

8 жніўня 1511 г. папа Юлій ІІ сваёй булай “Romanus pontifex” устанавіў тры дыяцэзіі – Санта-Дамінга, Ла-Вега і Сан-Хуан на вастравах каля амерыканскага кантынента. Гэтыя касцёльныя структуры, сталі першымі ў Амерыцы. Яны знаходзіліся ў падпарадкаванні архідыяцэзіі Севілья ў Іспаніі, адной з місій якой была евангелізацыя адкрытага Калумбам кантынента.

Мерапрыемствы прымеркаваныя да 500-гадовага юбілею пачаліся яшчэ ў мінулым годзе. У рамках святкаванняў прайшлі шматлікія канферэнцыі, выставы, канцэрты, а таксама Міжнародны кніжны кірмаш, на якім прысутнічаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі. Падчас свайго візіту іерарх перадаў для дамінісканскіх бібліятэк вялікую колькасць кніг выдадзеных ватыканскім выдавецтвам. “Гэты кірмаш дазволіць вялікай колькасці людзей пазнаёміцца з літаратурнымі творамі Каталіцкага Касцёла, а таксама ацаніць яго ўклад у развіццё культуры дамініканскага народа”, казаў у сваім пасланні да ўдзельнікаў мерапрыемтсва Бэнэдыкт XVI.









All the contents on this site are copyrighted ©.