2011-07-28 12:16:37

Швейцарыя: біскупы падрыхтавалі ліст аб палітыцы


RealAudioMP3 “Касцёл не партызаніць у палітыцы, але прымае ў ёй актыўны ўдзел ад імя “тых хто не мае голасу” і баронячы годнасць жыцця кожнага чалавека: толькі што зачатага, з абмежаванымі магчымасцямі, хворага, старога і замежніка”, - такія словы гучаць у пастырскім пасланні падрыхтаваным Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Швейцарыі з нагоды Нацыянальнага свята Канфедэрацыі, якое будзе адзначацца ў краіне 1 жніўня.

У панядзелак, гэты ліст будзе зачытаны ва ўсіх швейцарскіх парафіях, а таксама з’явіцца на сайце швейцарскага епіскапата ў выглядзе відэазвароту, запісанага на трох мовах.

Назва паслання каталіцкіх іерархаў з нагоды Нацыянальнага свята – “Касцёл і палітыка”. Гэтым падкрэсліваецца важнасць, якую Касцёл надае палітыке, як прыладзе, неабходнай для дасягнення агульнага дабра, якому ўсе хрысціяне павінны спрыяць. “Касцёл не прапануе гатовых рашэнняў, але дзякуючы вопыту, які чэрпае са свайго паўсюднага вымярэння, можа дапамагчы знайсці найбольш адпаведныя рашэнні існуючых праблем. - гаворыцца ў тэксце - Мэта Касцёла, у гэтай сферы, палягае на тым, каб паставіць чалавека ў цэнтр палітычнай дыскусіі і паказаць, што толькі эканамічнага развіцця не дастаткова”.

Біскупы звяртаюць увагу на тое, што Касцёл не з’яўляецца паралельным светам, але жыве сярод людзей, верных свайму пакліканню, і з’яўляецца “зачынам” чалавечага грамадства. “У сваёй дзейнасці Касцёл павінен лічыцца не з урнамі на выбарчых участках, але з Евангеллем Езуса Хрыста”, - адзначаецца ў пасланні. Напрыканцы зварота швейцарскіх іерархаў, выказваецца падзяка ўсім вернікам, што прымаюць удзел у палітычным жыцці краіны, удзельнічаюць у выбарах згодна са сваім сумленнем, змагаюцца, каб знайсці лепшыя рашэнні і моляцца за сёння і заўтра краіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.