2011-07-27 13:54:32

“Пакістан: рэлігійная свабода ў цені экстрэмізму”


RealAudioMP3 “Пакістан: рэлігійная свабода ў цені экстрэмізму” – так называецца новы даклад, апублікаваны міжнароднай хрысціянскай арганізацыяй “Сусветная хрысціянская салідарнасць” (Christian Solidarity Worldwide), паведамляе “Fides”.

У першым квартале 2011 г. хрысціянская супольнасць Пакістана была ўзрушана цэлым шэрагам гучных забойстваў на рэлігійнай глебе. 4 студзеня быў забіты губернатар Пенджаба Сальман Тасір, які змагаўся за ўнясенне зменаў у т. зв. закон “аб блюзнерстве”. Праз два месяцы у Ісламабадзе быў застрэлены федэральны міністр па справах меншасцяў Шахбаз Бхаці.

Арганізацыя, якая назірае за ўмовамі жыцця хрысціян у розных краінах свету, за захаваннем правоў чалавека і рэлігійнай свабоды, адзначае, што ўсё гэта з'яўляецца “трагічнай ілюстрацыяй беззаконня, беспакаранасці і рэлігійнай нецярпімасці, якія растуць у краіне”. Апісваючы сітуацыю хрысціян у Пакістане, праваабаронцы патрабуюць тэрміновага ўмяшання ўрада, каб спыніць ілжывыя абвінавачванні ў “блюзнерстве”, нянавісць, бяскарнае насілле ў дачыненні да рэлігійных меншасцяў. З іншага боку, дакумент прапануе пакістанскім уладам укладваць больш рэсурсаў і прыкладаць больш намаганняў для паляпшэння міжрэлігійных адносін і правядзення глабальнай рэформы адукацыі ў краіне.

Адзін з актывістаў “Сусветнай хрысціянскай салідарнасці” Эндру Джонстан адзначыў, што экстрэмісцкія плыні гуляюць у Пакістане вялікую ролю: альтэрнатыўны светапогляд не дапускаецца, іншадумства жорстка караецца.







All the contents on this site are copyrighted ©.