2011-07-27 13:00:49

“L’Osservatore Romano” піша аб пахаванні кардынала Свёнтка


RealAudioMP3 У сённяшнім нумары ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano” змяшчае артыкул пад назвай “Вера Божага атлета”, прысвечаны пахаванню кардынала Казіміра Свёнтка, якое прайшло 25 ліпеня ў Пінску. У артыкуле шырока прадстаўлена гамілія арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі Тадэвуша Кандрусевіча.“Ён ніколі не пераставаў быць сведкам Евангелля. Яго не спынялі нават пераследы. Сёння Касцёл аб ім узгадвае і прапануе яго асобу, як прыклад”, - цытуе словы іерарха “L’Osservatore Romano”.

У артыкуле адзначаецца, што на развітальных і пахавальных мерапрыемствах прысутнічалі кардынал Аудрыс Бачкіс, арцыбіскуп Вільнюскі і кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі.

“Арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў жыццё памерлага кардынала з марафонам і назваў яго “Божым атлетам, які быў дадзены Божым Провідам Касцёлу ў цяжкія часы”, - піша “L’Osservatore Romano” - Звяртаючыся да ўспамінаў, арцыбіскуп расказаў адну гісторыю: “Было Божае нараджэнне, шмат гадоў таму. Польскія вязні сабраліся ў адным з баракаў на традыцыйны аплатак. Раптам дзверы адчыніліся і ўвайшоў афіцэр з пісталетам у руках. Свёнтэк працягнуў яму кавалак благаслаўлёнага хлеба. Пасля доўгага моманту драматычнай цішыні, афіцэр апусціў пісталет і ціха сказаў: “Не ведаю, ці існуе гэты ваш Бог”. Затым выйшаў закрыўшы дзверы”.

“Не хавайце сведчанне кардынала Свёнтка ў залаты рэліквіярый, але глядзіце на яго прыклад і ў сённяшні час, які характарызуецца не пераследам, але маральным рэлятывізмам і рэлігійнай абыякавасцю”, - цытуе заклік Мітрапаліта Кандрусевіча “L’Osservatore Romano”.







All the contents on this site are copyrighted ©.