2011-07-27 15:10:37

Кардынал Зэн: абсурдная пазіцыя кітайскіх уладаў


RealAudioMP3 На абсурднасць сцвярджэнняў кітайскіх уладаў аб жаданні наладжвання дыялога з Апостальскай Сталіцай і адначасова вядзенні дзейнасці, якая перашкаджае гэтаму дыялогу, звярнуў увагу біскуп Ганконга на пенсіі кардынал Зэн Зэ-К’юн у інтэрв’ю агенствам “Ucan” і “Asianews”. Нагодай для размовы стала крытыка Дзяржаўнай адміністрацыяй па рэлігійных справах касцёльнага пакарання святароў, якія прынялі біскупскую сакру без згоды Папы. Кітайскія функцыянеры акрэслілі гэты крок Апостальскай Сталіцы як “неразважны і грубы”, які “крыўдзіць кітайскіх католікаў”.

Кардынал Зэн адзначыў, што “кітайскія улады бароняць сваіх марыянетак і сцвярджаюць, што біскупскія пасвячэнні без згоды Пантыфіка з’яўляюцца неабходнымі для нармальнай дзейнасці Касцёла, душпастырства і евангелізацыі”. Такую пазіцыю іерарх назваў абсурднай і смешнай. Ён звярнуў увагу на тое, што спосаб, якім улады кіруюць Касцёлам у Кітаі пазбаўляе яго права называцца каталіцкім. “Такая пазіцыя не адпавядае таксама праву на свабоду веравызнання, запісанаму ў кітайскай Канстытуцыі”, - адзначыў кардынал Зэн Зэ-К’юн.

Іерарх сказаў, што большасць кітайскіх католікаў падтрымлівае і любіць Святога Айца. “Ніхто не ведае, як доўга будзе трываць суровая зіма, але нашы вернікі не баяцца. Іх страх перамагае малітва і вера, якая дае ім сілы, каб наследаваць мучанікаў і шматлікіх сведкаў веры, і самім даваць сведчанне Уваскросламу Пану”, - адзначыў кардынал Зэн.







All the contents on this site are copyrighted ©.