2011-07-26 17:42:52

“Homo caritatis”. Барацьба з карупцыяй


RealAudioMP3 У сённяшняй праграме я хачу паразмаўляць аб такой важнай і актуальнай у сучасным свеце праблеме, як карупцыя. Гэта грамадская загана не застаецца па-за ўвагай каталіцкага навучання. Аб карупцыі і яе негатыўных наступствах кажа Кампендыўм cацыяльнага навучання. Акрамя таго, Папская Рада “Iustitia et pax”(“Справядлівасць і мір”) праводзіла некалькі міжнародных канферэнцый, прысвечаных барацьбе з карупцыяй, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, даследчыкі і філосафы, дыпламаты, універсітэцкія выкладчыкі і эксперты. Мэтай гэтых канферэнцый было лепш пазнаёміцца з фенаменам карупцыі, абмеркаваць найбольш эфектыўныя спосабы для барацьбы з ёй і ўдакладніць, які ўклад можа зрабіць Касцёл у гэтай ініцыятыве.

Актуальнасць праблемы карупцыі

Фенамен карупцыі існаваў заўсёды, аднак на працягу апошніх гадоў ён стаў адной з самых балючых праблем для многіх краін свету. Найбольшая ўвага да праблемы карупцыі, найбольшая колькасць дакументаў, прысвечаных гэтай тэме, тычыцца сферы міжнародных адносін і перш за ўсё міжнароднага гандлю і фінансавага абароту. Гэта азначае, што карупцыя не ведае межаў і сёння ахоплівае ўвесь свет. На распаўсюджванне карупцыі на міжнародным узроўні паўплывалі шматлікія гістарычны фактары, сярод якіх найбольш важнае значэнне мелі: разбурэнне ідэалагічных блокаў у 1989 г. і глабалізацыя інфармацыі. З аднаго боку, адсутнасць межаў адкрыла дзверы для распаўсюджвання карупцыі, а з іншага, стварыла ўмовы для большай, салідарнай барацьбы з ёй.

Карупцыя не ведае межаў

Карупцыя не ведае палітычных і геаграфічных межаў. Яна прысутнічае ў багатых і бедных краінах. Акрамя таго, карупцыя прысутнічае на ўсіх сацыяльных узроўнях: не толькі ў сферы эканомікі ці палітыкі, але таксама і ў грамадскай.

На яе распаўсюджванне ўплываюць адсутнасць празрыстасці ў фінансавых сістэмах і перамяшчэнні фінансавых патокаў, існаванне шляхоў атрымання нячыстых даходаў, слабое супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў справе барацьбы з карупцыяй, існаванне розных юрыдычных нормаў. Сёння карупцыя найчасцей звязана з гандлем наркотыкамі, адмываннем грошай, гандлем зброяй і з рознага роду крымінальнай дзейнасцю. Варта адзначыць, што на развіццё карупцыі ўплываюць малая увага СМІ да гэтай праблемы (у некаторых краінах) і адсутнасць дэмакратыі. Без свабодных СМІ, дэмакратычных прыладаў кантролю і празразрыстасці, карупцыя распаўсюджваецца значна хутчэй.

Карупцыя нясе нематэрыяльны цяжар

Карупцыя з’яўляецца цяжарам не толькі для матэрыяльнай сферы, г.зн., запавольвае эканамічны рост, але таксама і для нематэрыяльнай, звязанай перш за ўсё з якасным і чалавечым вымярэннем грамадскага жыцця. Палітычная карупцыя, як кажа Кампендыўм сацыяльнага навучання Касцёла, “перашкаджае правільнаму функцыянаванню дзяржавы; негатыўна ўплывае на адносіны паміж кіраўнікамі і народам; спрыяе росту недаверу да палітычных інстытутаў, паступова выклікаючы апатыю грамадзян да палітычнага жыцця і прадстаўнікоў улады, у выніку чаго інстытуты слабеюць”. Такім чынам, карупцыя не толькі перашкаджае эканамічнаму развіццю краіны, але таксама жыццю чалавека і грамадства, якое становіцца менш справядлівым і больш закрытым.

Карупцыя – грэх супраць агульнага дабра

Касцёл разглядае карупцыю як вельмі цяжкую прычыну дэфармацыі палітычнай сістэмы. У Кампендыўме сацыяльнага навучання гаворыцца, што “карупцыя радыкальна скажае ролю прадстаўнічых інстытутаў, таму што яны выкарыстоўваюцца ў якасці арэны палітычнага гандлю паміж кліентам з яго патрэбамі і ўладай, гатовай аказваць паслугі. Такім чынам, палітычныя рашэнні прымаюцца толькі ў інтарэсах людзей, якія маюць сродкі для таго, каб паўплываць на гэтыя рашэнні, і перашкаджаюць ажыцяўленню агульнага дабра ўсіх грамадзян”.

Карупцыя забірае ў людзей іх фундаментальнае агульнае дабро, а менавіта законнасць: у сферы агульных правілаў, адкрытасці, правільнага функцыянавання эканамічных і палітычных інстытутаў. Законнасць неабходна, каб устанаўліваць адносіны паміж грамадствамі, развіваць эканамічнае і палітычнае жыццё. Законнасць, будучы сапраўдным “агульным дабром” з’яўляецца правам усіх народаў. Таму карупцыя павінна быць знішчана, каб не забіраць у людзей гэта права.

Для таго, каб перамагчы карупцыю, пазітыўным з’яўляецца пераход ад аўтарытарнага строю да дэмакратычнага, ад закрытага грамадства да адкрытага, ад вертыкальнага да гарызантальнага, ад цэнралізаванага да грамадства, у жыцці якога прымаюць удзел усе грамадзяне. Канешне, гэты пераход не прыводзіць аўтаматычна да пазітыўных вынікаў. Даследванні паказваюць, што развітыя дзяржавы таксама, як і больш архаічныя, маюць высокі ўзровень карупцыі. У аўтарытарных краінах прасачыць узровень карупцыі вельмі цяжка з-за іх закрытасці, але таксама і ў дэмакратычных, часта гэты фенамен вельмі добра схаваны і нават абаронены.

У нашай праграме праз тыдзень мы пагаворым аб некаторых указаннях якія робіць сацыяльнае навучанне Касцёла ў сферы барацьбы з карупцыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.