2011-07-25 14:06:16

У Пінску прайшло развітанне з кардыналам Свёнткам


RealAudioMP3 На сённяшнія пахавальныя ўрачыстасці кардынала Казіміра Свёнтка ў Пінск прыбыло больш за тры тысячы чалавек, паведамляе БелаПАН. Іерархі з Беларусі, Латвіі, Польшчы і Украіны, святары і вернікі з усіх дыяцэзій краіны, прадстаўнікі ўладаў Беларусі, дыпламаты, сабраліся, каб развітацца з вялікім кардыналам. Беларускую Праваслаўную Царкву прадстаўляў епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі скіраваў на ўрачыстасці свайго спецыяльнага пасланніка, шэфа Адміністрацыі Прэзідэнта Яцэка Міхалоўскага.

Св. Імша адбывалася на плошчы перад катэдральным касцёлам. Яна не памесціла ўсіх жадаючых, таму многія стаялі на праезнай частцы каля храма. Труна з целам кардынала была змешчана перад алтаром, на якім цэлебравалася св. Імша. Яе ўзначаліў кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі, між іншым, усе беларускія біскупы, кардынал Яніс Пуятс, арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі, арцыбіскуп Войцех Земба, Мітрапаліт Вармінскі з Польшчы, Біскуп Драгічынскі Пацыфік Дыдыч, Біскуп Элцкі Ежы Мазур, біскуп дыяцэзіі св. Юзэфа ў Іркуцку Кірыл Клімовіч, біскуп Маркіян Трафімяк з Луцку. Св. Імша была адпраўлена на лацінскай мове.

На пачатку, была прачытана спачувальная тэлеграма папы Бэнэдыкта XVI, у якой Пантыфік выказаў свае спачуванні беларускім вернікам. “З вялікім болем я прыняў навіну аб смерці арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага на пенсіі і былога Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка. - напісаў у тэлеграме Святы Айцец. - Узношу малітвы да Бога, каб Ён даў вечны адпачынак гэтаму дбайнаму і шчыраму пастыру. Я духоўна яднаюся з болем дыяцэзіяльнай супольнасці, у якой ён з вялікім клопатам здзейсняў сваё біскупскае служэнне. Узгадваю аб адважным сведчанні, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў асабліва цяжкія часы, а таксама аб энтузіязме, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння сваёй краіны”, - адзначыў Папа ў сваё тэлеграме.

Напрыканцы св. Імшы прагучалі спачувальныя лісты з нагоды смерці кардынала Свёнтка. Спачувальны ліст Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі агучыў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Прагучала і спачувальная тэлеграма Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Спачуванне ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта выказаў епіскап Барысаўскі Веніямін. Былі зачытаны таксама спачувальны ліст Прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, спачувальныя лісты на адрас курый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

Словы спачування вернікам Касцёла ў Беларусі выказаў арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі кардынал Яніс Пуятс. Іерарх перадаў беларускім вернікам прывітанне ад католікаў Латвіі і г. Валгі, дзе нарадзіўся кардынал Свёнтэк. Кардынал Пуятс у сваёй прамове нагадаў аб велічы і непаўторнасці Нябеснага Валадарства, да якога імкнуцца вернікі. Касцёл, па словах латвійскага іерарха, раіць спадзявацца, што сустрэча з Богам стане найшчаслівейшым днём у нашым жыцці.

Спачуванне прамовіў таксама арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш. Іерарх выказаў салідарнасць з Касцёлам у Беларусі і адзначыў, што кардынал Свёнтэк вельмі блізкі польскім вернікам і назаўсёды застанецца ў іх памяці.

Напрыканцы св. Імшы труна з парэшткамі кардынала была апушчана ў мармуровы саркафаг і змешчана ў пахавальнай крыпце пінскай катэдры.







All the contents on this site are copyrighted ©.