Тэрор у Нарвегіі: Цэрквы ўзрушаны “бессэнсоўным гвалтам”
Іерархі хрысціянскіх
цэркваў Нарвегіі, пасля двух учарашніх тэрактаў ў Осла і на востраве Утэя, падчас
якіх загінуў па меншай меры 91 чалавек, выказалі сем'ям загінуўшых і ўсім пацярпелым
свае найглыбейшыя спачуванні. У “вялікім смутку і адчаі” мы знаходзімся побач з вамі,
і ўся Нарвегія аб'ядналася вакол вас у малітве, напісаў каталіцкі біскуп Осла Бернт
Эйдсвіг, выказваючы сваю першую рэакцыю на падзеі.
Таксама Евангеліцка-Лютэранская
Царква, да якой належаць больш за 80% нарвежцаў, заклікала да малітвы. “Храмы былі
і будуць адчынены для ўсіх, хто шукае суцяшэння і супольнасці”, - сказала біскуп Хельга
Хаўгланд Бюфугліен. Моладзь і людзі сталага ўзросту сталі ахвярамі “бессэнсоўнага
насілля” падкрэсліла вышэйшы біскуп Царквы Нарвегіі.
Бюфугліен сказала, што
яна “абурана” тэрактамі, асабліва ў лагеры сацыял-дэмакратычнай моладзевай арганізацыі
Нарвегіі. “Маладыя людзі знаходзіліся там, каб шукаць супольнасці і радасці. Яны былі
расстраляны забойцам у месцы, дзе жадалі развіваць сваё разуменне дэмакратыі. Гэта
не магчыма зразумець”, - сказала біскуп. Паводле яе, тое, што адбылося, зменіць будучыню
Нарвегіі.
22 ліпеня ўвечары, тэрарыст ў паліцэйскай форме пранік у летні моладзевы
лагер, і, сабраўшы вакол сябе маладых людзей, пачаў у іх страляць. Было забіта па
меншай меры 84 чалавекі. За дзве гадзіны да гэтага інцыдэнта, у Осла, непадалёк ад
урадавага квартала, адбыўся выбух, у выніку якога загінула сем чалавек. Затрыманы
падазраваны ў здзяйсненні нападаў, гэта 32-гадовы нарвежац.