2011-07-22 10:37:34

Іракскі арцыбіскуп: хрысціянам у Масуле пагражае смерць


RealAudioMP3 Хрысціянам, якія жывуць у паўночнаіракскім горадзе Масул, паводле ацэнак арцыбіскупа Эміля Шымуна Ноны ўсё яшчэ пагражае смерць. "Горад небяспечны для нас, хрысціян, і я павінен быць вельмі асцярожным, калі іду па вуліцы", - сказаў халдэйска-каталіцкі арцыбіскуп Масула.

У параўнанні з 2008-2010 г.г., калі адбылася серыя тэрактаў супраць хрысціян, сітуацыя "некалькі палепшылася, але не нашмат", сказаў іерарх. Усяго шэсць месяцаў таму шматлікія хрысціянскія сем'і былі вымушаны пакінуць горад. "Зараз больш спакойна, але цяжка сказаць, ці доўга так застанецца. Бо ў мінулым ўжо былі часы, калі сітуацыя супакойвалася, а потым зноў пачыналіся напады", - нагадаў арцыбіскуп.

Мільённы горад Масул на поўначы Ірака, пасля звяржэння Садама Хусэйна восенню 2003 г., стаў цэнтрам тэрору суніцкіх і шыіцкіх баявікоў, чыімі ахвярамі сталі многія хрысціяне. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Нону ў лістападзе 2009 г. халдэйска-каталіцкім арцыбіскупам Масула, пасля таго як яго папярэднік, арцыбіскуп Пауль Фарай Раххо, быў выкрадзены і забіты ў лютым 2008 г.

Па словах арцыбіскупа Ноны, большасць хрысціян пакінула Масул. "У цэнтры горада ў нас было восем парафій, цяпер толькі тры", - сказаў ён. Большасць супольнасцяў цяпер знаходзіцца ў вёсках па-за межамі Масула. У самім горадзе, асабліва ў старой яго частцы, засталіся толькі бедныя хрысціянскія сем'і, у якіх проста няма магчымасці збегчы. Сам арцыбіскуп знаходзіцца ў большай частцы па-за межамі горада.







All the contents on this site are copyrighted ©.