2011-07-21 16:39:46

Біскуп Дзям’янка аб кардынале Казіміру Свёнтку


RealAudioMP3 “На працягу ХХ ст. кардынал Свёнтэк быў сапраўдным сведкам веры”, - сказаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка ў інтэрв’ю польскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенству “КАІ”. Кардынал некалькі дзесяцігоддзяў выконваў святарскія абавязкі ў “Касцёле маўчання”,- сказаў іерарх.

“Я памятаю кардынала Свёнтка, яшчэ калі быў хлопцам. - падзяліўся успамінамі біскуп - Былі камуністычныя часы. Са 180 святароў, якія працавалі ў Пінскай дыяцэзіі перад вайной, засталіся толькі 12. Кардынал прыехаў ў вёску Дзераўное, да майго выхавацеля кс. Вацлава Пянткоўскага. Тады я сустрэў яго першы раз. Потым, у 1981 г., ужо як ксёндз я сустракаў яго ў пінскай катэдры. Кардынал тады шмат працаваў над аднаўленнем гэтай святыні. Я бачыў, як ён асабіста рамантаваў дах катэдры. Дзякуючы яму быў прыгожа адноўлены інтэр’ер касцёла і адрэстаўраваны арган. Праз прыгажосць сакральнага мастацтва, ён спрабаваў прыцягнуць людзей да Бога. Ён добра гаварыў і быў цудоўным прапаведнікам”, - расказаў біскуп Антоні Дзям’янка.

Іерарх адзначыў, што менавіта кардынал Свёнтэк кансэкраваў яго на біскупа. Разам з ім біскуп працаваў у якасці генеральнага сакратара беларускага епіскапата, а таксама выконваў абавязкі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Я часта яго наведваў. Яшчэ на гэтым тыдні я быў у бальніцы, уякой знаходзіўся кардынал. Ён неахвотна звяртаўся да ўспамінаў звязаных са шматлікімі гадамі цярпенняў. Адзначаўся незвычайнай марыйнай пабожнасцю. Менавіта з яго ініцыятывы на Беларусі адрадзіліся шматлікія марыйныя санктуарыі”, - расказаў біскуп Антоні Дзям’янка.







All the contents on this site are copyrighted ©.