2011-07-20 13:35:12

Святы Пасад не падтрымаў новую “Арганізацыю католікаў у масс-медыя”


RealAudioMP3 З вострай крытыкай адрэагавалі Папскія рады: па справах свецкіх і па сродках масавай камунікацыі на стварэнне “Міжнароднай арганізацыі католікаў у масс-медыя” (ICOM). Святы Пасад не ўхваляе стварэнне “ICOM”, адзначаецца ў спецыяльным лісце, які быў апублікаваны 19 ліпеня ў Рыме.

“Міжнародная арганізацыя католікаў у масс-медыя” была заснавана ў красавіку ў якасці пераемніка арганізацыі “Каталіцкі сусветны саюз прэсы” (UCIP), пасля таго, як Папская рада па справах свецкіх у сакавіку гэтага года пазбавіла арганізацыю статусу каталіцкай асацыяцыі. Апостальская Сталіца забараніла ёй выкарыстоўваць слова “каталіцкі” у назве. Як прычына ў той час была названа адсутнасць празрыстасці і яснасці ва ўпраўленні, а таксама парушэнні статуту. Тады сышоў у адстаўку Прэзідэнт “UCIP” Бернард Сассман.

Папскія рады: па справах свецкіх і па сродках масавай камунікацыі абвінавачваюць новаствораную “ICOM” у “незаконным прысваенні інтэлектуальнай, эканамічнай і гістарычнай спадчыны “UCIP”. Тое ж адносіцца і да лагатыпу, а таксама да сайту арганізацыі. На 23 лістапада запланавана першая генеральная асамблея “ICOM”. Яна пройдзе ў італьянскай Вербаніі.

У той жа час, Апостальская Сталіца заклікала журналістаў, “якія жадаюць застацца ў зносінах з Каталіцкім Касцёлам”, шукаць новых магчымых форм аб'яднання. У лісце адзначаецца тая “добрая служба”, якую неслі члены “UCIP” на працягу гадоў існавання арганізацыі. Святы Пасад заклікаў журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі, па-ранейшаму быць адданымі ў абвяшчэнні хрысціянскага паслання ў свеце масс-медыя.

Кананічнае права Каталіцкага Касцёла прадугледжвае, што любое грамадскае аб'яднанне міжнароднага або агульнакасцёльнага ўзроўню, якое жадае дзейнічаць ад імя Касцёла, можа называцца “каталіцкім” толькі са згоды Апостальскай Сталіцы. Статуты такіх асацыяцый павінны адпавядаць патрабаванням Кананічнага права.







All the contents on this site are copyrighted ©.