2011-07-20 14:57:57

Германія: у Мюнхене збяруцца лідэры сусветных рэлігій


RealAudioMP3 11 верасня 2001 г., у 10 гадавіну нью-ёркскага тэракту, у Мюнхене адкрыецца міжнародная сустрэча лідэраў сусветных рэлігій, кіраўнікоў дзяржаў і вядомых дзеячаў культуры, паведамляе “Zenit”. Канферэнцыя пад назвай "Мы павінны жыць у міры. Дыялог рэлігій і культур" арганізавана арцыбіскупам Мюнхена кардыналам Рэйнхардам Марксам і каталіцкай супольнасцю св. Ігідзія, вядомай у свеце дзякуючы шырокай сацыяльнай дзейнасці. Сустрэча будзе працягвацца 3 дні. Канферэнцыю адкрые Прэзідэнт ФРГ Крысціян Вульф. Канцлер Германіі Ангела Меркель выступіць на асамблеі 12 верасня.

Праваслаўныя Царквы на сустрэчы будуць прадстаўляць Патрыярх Румынскай Праваслаўнай Царквы Данііл, арцыбіскуп Кіпрскі Хрызастом II, а Маскоўскі Патрыярхат – Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Ад імя Апостальскай Сталіцы для ўдзелу ў канферэнцыі накіруюцца: кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству, кардынал Ражэ Эчэгарай былы старшыня Папскай рады “Справядлівасць і мір” і кардынал Леанарда Сандры прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў. На сустрэчы будзе прысутнічаць таксама большая частка нямецкага епіскапату на чале са старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі арцыбіскупам Робертам Цолічам. Сюды завітаюць біскупы буйных гарадоў Еўропы: кардынал Крэшчэнца Сэпэ з Неапалю, кардынал Філіп Барбарэн з Ліёну, кардынал Петэр Эрдо з Будапешту і кардынал Луіс Марцінэс Систаш з Барселоны.

Рэфармацкія Цэрквы будзе прадстаўляць старшыня рады Евангеліцка-Лютэранскай Царквы Германіі біскуп Іаган Фрыдрых. На канферэнцыю запрошаны галоўны рабін Ізраіля Йона Мецгер, галоўны рабін Расіі Берл Лазар і галоўны рабін Рыма Рыкарда дзі Сэньі. З мусульманскага свету прыбудуць прадстаўнікі ўніверсітэта Аль-Азхар. З Японіі, Шры-Ланкі і Камбоджы прыедуць будыйскія лідэры. Чакаецца таксама прысутнасць прадстаўнікоў індуізму і сінтаізму.

Кардынал Маркс, прадстаўляючы канферэнцыю, заявіў, што яна стане “падрыхтоўкай” да міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы за мір, якая пройдзе восенню гэтага году ў італьянскім Асізі з удзелам Папы Бэнэдыкта XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.