2011-07-20 14:28:05

Бенін: ідзе падрыхтоўка да візіту Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Касцёл у афраканскім Беніне лічыць дні да запланаванага прыбыцця туды 18 лістапада папы Бэнэдыкта XVI, - паведамляе сённяшняя "L'Osservatore Romano". Святы Айцец прыбудзе, каб даць Касцёлу Афрыкі Апостальскую адгартацыю, якая стане падвядзеннем вынікаў ІІ Спецыяльнага пасяджэння Сіноду Біскупаў для Афрыкі, якое праходзіла ў Рыме 4-25 кастрычніка 2009 г. пад назвай: "Касцёл у Афрыцы на службе паяднанню і міру".

У падрыхтоўцы візіту з дзяржаўнымі ўладамі супрацоўнічаюць Апостальская нунцыятура ў Беніне і епіскапат. Выбар гэтай краіны для візіту Святога Айца звязаны з 150-й гадавінай пачатку евангелізацыі і 40-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Бенінам і Святым Пасадам (30 чэрвеня, 1971 г.).

У епіскапаце Беніну створаны камітэт, які займаецца пытаннямі прыняцця гасцей і іх размяшчэння, транспарту, літургіі, СМІ, а таксама зборам сродкаў для пакрыцця расходаў на правядзенне такога маштабнага мерапрыемства. Прадугледжваецца таксама адкрыццё інтэрнэт-старонкі, якая дазволіць адсочваць падрабязнасці трохдзённага знаходжання Папы ў краіне.

Акрамя таго, падрыхтавана даследаванне аб рэлігійнай сітуацыі ў краіне. Аўтары выказваюць заклапочанасць з нагоды адсутнасці перакладаў Бібліі на мясцовыя мовы, што спрыяе рэлігійнаму сінкрэтызму, маральнаму раскладанню і распаўсюджванню сект. У той жа час, адзначаецца глыбокая рэлігійнасць народа, што вядзе да развіцця рэлігійнага жыцця і ўдзелу Касцёла ў сферы адукацыі. Тым не менш, у рэлігійным жыцці па-ранейшаму прысутнічаюць спасылкі на мясцовыя язычніцка-магічныя культы, страх перад духамі і пракляццямі.

Католікі складаюць 24% сярод 8,5 млн. жыхароў Беніну. Існуе дзесяць дыяцэзій, 312 парафій са шматлікімі маладымі пробашчамі. 224 бенінскія святары працуюць за мяжой.







All the contents on this site are copyrighted ©.