Кс. Ламбардзі аб праблемах у ірландскай дыяцэзіі Клойн
13 ліпеня было апублікавана
паведамленне спецыяльнай камісіі адносна сексуальнага выкарыстання дзяцей некаторымі
святарамі ў ірландскай дыяцэзіі Клойн. З гэтай нагоды, Кіраўнік Залі Друку Апостальскай
Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі адзначыў, што Камісія даследавала нядаўнія факты злачынстваў,
якія былі здзейснены ў 1996-2009 г.г.
Улады Ірландыі накіравалі копію гэтага
рапарту ў Рым праз Апостальскага нунцыя ў краіне, просячы адказу з боку Святога Пасаду.
“Трэба пачакаць, пакуль Апостальская Сталіца зробіць свае каментары і дасць адказы
ў адпаведнай форме і ва ўстаноўлены тэрмін”, - адзначыў кс. Ламбардзі.
Ён нагадаў,
што ў 2009 г. Святы Айцец запрасіў у Ватыкан каталіцкіх біскупаў Ірландыі, каб разам
з імі абмеркаваць цяжкую сітуацыю Касцёла ў краіне ў сувязі з сексуальным выкарыстаннем
непаўналетніх некаторымі святарамі з Дублінскай архідыяцэзіі. Тады Бэнэдыкт ХVI адкрыта
гаварыў пра “шок і сорам” з прычыны гэтых “цяжкіх злачынстваў”.
Пасля той сустрэчы,
- нагадаў кс. Ламбардзі, - Папа накіраваў спецыяльны ліст да католікаў Ірландыі, у
якім выказаў смутак з прычыны гэтых інцыдэнтаў і паведаміў, што асабіста ўдзельнічае
ў цярпеннях ахвяр і іх сем’яў.
Апошнім часам у Ірландыю была скіравана спецыяльная
камісія, якая наведала чатыры дыяцэзіі, семінарыі, манаскія ордэны, каб лепш пазнаёміцца
з цяперашняй сітуацый ў краіне. На думку кс. Ламбардзі, трэба прызнаць рашучыя намаганні
Апостальскай Сталіцы ў спробе нармалізацыі і аднаўлення жыцця ў Каталіцкім Касцёле
Ірландыі.