2011-07-17 13:18:27

Беларусь: урачыстасці ў гудагайскім санктуарыі


RealAudioMP3 16-17 ліпеня ў мястэчку Гудагай Астравецкага района прайшлі ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай. Яны адзначаюцца тут штогод у дні вялікага патранальнага свята ордэна кармелітаў босых, якія з даўніх часоў з’яўляюцца апекунамі гэтай святыні. Абраз – гэта копія знакамітай іконы Маці Божай Уладзімірскай – захоўваецца ў санктуарыі, дарэчы, помніку архітэктуры драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя.

Напярэданні невялікі Гудагай ператварыўся ў месца масавага паломніцтва. У гэтым годзе прыйшлі пешыя пілігрымкі з Мінска і Астраўца, прыехала велапілігрымка з Нарачы. Усяго сабралася каля 3 тыс. чалавек, у тым ліку прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і госці з Расіі, Польшчы, Літвы. На час урачыстасцяў ікону выстаўляюць у палявым алтары. 16 ліпеня, у 18.00 гадзін адбыўся крыжовы шлях на могілкі, апоўначы – традыцыйная працэсія са свечкамі і св. Імша. Сённяшнюю святую літургію апоўдні ўзначаліў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Каля 40 чалавек падчас Эўхарыстыі прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

Ікона Маці Божай Шкаплернай, яе яшчэ называюць Гудагайскай, мае прыгожую легенду з’яўлення. Яе знайшоў манах у Ашмянскай пушчы і прынёс у Гудагай. Першая гістарычная згадка аб іконе знаходзіцца ў акце заснавання манастыра кармелітаў босых у 1764 г. Для святыні, “якая славілася цудамі ўжо сто гадоў” – так было запісана ў дакуменце, спачатку пабудавалі капліцу, а потым касцёл. Шматлікія вернікі пачалі расказваць аб цудатворнасці святыні. З тых часоў весткі аб іконе выйшлі за межы вёскі, раёна, нават краіны.

Пасля 1991 г. пачаўся збор сведчанняў пра дапамагу праз заступніцства Гудагайскай Маці Божай. І ў 2006 абраз быў каранаваны папскімі каронамі. У сучаснай гісторыі краіны гэта быў шосты выпадак афіційнага прызнання Касцёлам беларусскай святыні. Такім чынам, гудагайская ікона стала ў адзін рад з Будслаўскай, Брэсцкай, Пінскай, Тракельскай і Кангрэгацкай у Гродне. А санктуарый у Гудагаі – месцам усеагульнай малітвы, куды не толькі падчас свята прыязджаюць вернікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.