2011-07-16 16:12:56

“Octava Dies”: “Не забывацца пра Самалі”


RealAudioMP3 “Не забывацца пра Самалі!”. З такім заклікам звярнуўся сёння дырэктар Ватыканскага радыё, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. “Засуха ў раёне Афрыканскага Рога стварыла драматычную сітуацыю гуманітарнай катастрофы, у якой насельніцтва Самалі з’яўляецца галоўнай ахвярай”, - падкрэсліў кіраўнік Залі Друку. “Голад і недахоп вады прымушаюць многіх жыхароў краіны шукаць дапамогі. Людзі ўцякаюць у суседнія краіны, у лагеры для бежанцаў, куды штодзённа прыбывае каля 2 тыс. уцекачоў”.

Дырэктар Ватыканскага радыё ўзгадвае пра забойства біскупа Магадзіша Сальваторэ Каломба, які загінуў у 1989 г. перад сваім катэдральным касцёлам. З гэтага часу Апостальскі Адміністратар мясцовай дыяцэзіі мае сваю сядзібу за межамі краіны. “У 2003 г. у горадзе Самалілэнд была забіта валанцёрка, медсястра Анналена Тонэллі. Чарговай ахвярай была законніца Леанэлла Згарбаці, якая паміраючы – як звярнуў увагу Бэнэдыкт ХVI 7 студзеня 2007 г. – прасіла прабачэння для сваіх забойцаў”, - нагадвае кс. Ламбардзі. “Гэта прыклады толькі трох асоб, якія сведчаць пра тое, што Каталіцкі Касцёл прысутны ў краіне і церпіць з народам Самалі”, - сказаў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы, - і дадаў, што “нянавісць ісламскіх фундаменталістаў прывяла да шматлікіх нявінных ахвяр сярод іншых хрысціянскіх канфесій, а безабароннае насельніцтва краіны церпіць з-за барацьбы паміж палітычнымі і этнічнымі фракцыямі”.

На думку кс. Ламбардзі, папа Бэнэдыкт ХVI сістэматычна ўзгадвае Самалі падчас сваёй штогадовай прамовы да дыпламатаў, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы, менавіта для таго, каб звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на “няшчасную краіну”, якую тая пакінула ў нявызначанасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.