2011-07-16 13:04:10

Новыя выклікі для Касцёла ў Тунісе


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тунісу Марун Эліяс Лахам скіраваў да вернікаў адмысловае пастырскае пасланне, у якім сцвярджае, што “першым жаданнем католікаў краіны з’яўляецца яе ўступленне на шлях дэмакратыі”. “Рабіць рэвалюцыю – гэта адна справа, а пераход да дэмакратычных працэсаў – гэта зусім іншае”, - так іерарх пракаментаваў працэсы, якія адбываюцца ў туніскім грамадстве.

Дата падпісання паслання – 24 ліпеня, па словах арцыбіскупа, не выпадковая. “Я напісаў гэту дату, бо менавіта 24 ліпеня павінны былі адбыцца першыя дэмакратычныя выбары ў краіне, якія былі перанесены на 23 кастрычніка. Таму мы знаходзімся ў сітуацыі чакання новага Тунісу”, - напісаў арцыбіскуп.

На думку іерарха, “вялікія дэмакратычныя перамены павінны яшчэ наступіць. Павінны адбыцца парламенцкія выбары, напісанне новай кантытуцыі, рэферэндум па ёй, а затым прэзідэнцкія выбары”. Паводле арцыбіскупа, “гэты час чакання дазваляе свабодна думаць, мець надзею, нават марыць”.

Арцыбіскуп Лахам агучвае спадзяванні хрысціян, якія выступаюць за аддзяленне “мячэці ад дзяржавы”, але перакананыя, што здаровае дэмакратычнае грамадства павінна мець у аснове рэлігійныя каштоўнасці: свабоду, узаемапавагу, салідарнасць, супакой, дапамогу бедным.

Арцыбіскуп выказаў надзею, што новы Туніс знойдзе ўдалыя рашэнні для рэалізацыі духоўных і рэлігійных спадзяванняў сваіх грамадзян, а краіна, жывучы ў сяброўстве з мусульманскім арабскім светам, знойдзе спосаб пагадзіць вернасць адзінаму Богу з выклікамі сучаснага свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.