2011-07-16 16:12:14

Апостальская Сталіца асудзіла нелегальнае біскупскае пасвячэнне ў Кітаі


RealAudioMP3 16 ліпеня Зала Друку апублікавала паведамленне, якое выражае пазіцыю Апостальскай Сталіцы ў справе нелегальнага біскупскага пасвячэння кс. Джузэппэ Хуанг Бінгчанга, якое адбылося 14 ліпеня у кітайскай дыяцэзіі Шантоў.

У заяве адзначаецца, што кс. Джусэппэ Хуанг Бінгчанг атрымаў біскупскае пасвячанне без згоды папы Бэнэдыкта ХVI і па гэтай прычыне яно з’яўляецца нелегальным. Акрамя таго, згаданы святар падлягае кананічным санкцыям, прадукледжаным канонам 1382 Кодэкса кананічнага права. Такім чынам, Святы Пасад не прызнае кс. Бінгчанга ў якасці біскупа дыяцэзіі Шантоў і ён не мае права кіраваць ёй, - сцвярджаецца ў заяве. Згаданы святар быў заўчасна паінфармаваны аб тым, што яго біскупскае пасвячэнне не будзе прызнана Апостальскай Сталіцай.

З розных інфармацыйных крыніц Святому Пасаду было вядома аб тым, што некаторыя біскупы выказалі сваё жаданне не прымаць удзелу ў гэтым нелегальным пасвячэнні, выказваючы такім чынам свой пратэст. Нягледзячы на гэта, яны былі прымушаны прыняць удзел у абрадах. “Іх пратэст выклікае ўдзячнасць усяго Касцёла. Такая ж удзячнасць кіруецца таксама да святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, якія абаранялі сваіх пастыраў, дапамагаючы ім у гэты цяжкі перыяд малітвай і падзяляючы з імі душэўны смутак”, - сцвярджаецца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Апостальская Сталіца пацвярджае права католікаў Кітая да свабоднага вызнавання веры, кіруючыся сваім сумленнем і застаючыся вернымі Наступніку св. Пятра, у адзінстве з Паўсюдным Касцёлам.

“Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI, даведаўшыся аб згаданых падзеях, чарговы раз быў засмучаны тым, як ставяцца да Каталіцкага Касцёла ў Кітаі і выказаў спадзяванне, што цяперашнія цяжкасці хутка будуць пераадолены”, - гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.