2011-07-15 12:39:01

Бельгія: забарона на нашэнне паранджы ў грамадскіх месцах


RealAudioMP3 Закон аб забароне на нашэнне паранджы ў грамадскіх месцах у Бельгіі зацверджаны і ўступіць у сілу 23 ліпеня. У чацвер тэкст закона быў апублікаваны ў афіцыйнай газеце каралеўства “Moniteur Belge”, пасля таго як яго канчаткова зацвердзіў кароль бельгійцаў Альберт II.

Закон цалкам забараняе “нашэнне вуалі, якая закрывае большую частку твару, у месцах грамадскага карыстання на тэрыторыі Каралеўства Бельгія”. За парушэнне гэтага закона будзе накладацца штраф у памеры 137,5 еўра.

Закон быў прыняты бельгійскім парламентам яшчэ ў красавіку мінулага года, прычым дэпутаты падтрымалі яго практычна аднагалосна. Аднак з-за зацяжнога палітычнага крызісу працэс яго ўступлення ў сілу расцягнуўся на цэлы год.

Паводле ацэнак бельгійскіх грамадскіх арганізацый, “адрасаты” гэтага закона, вельмі нешматлікая группа – паранджу, якая закрывае практычна ўвесь твар, у Бельгіі носяць усяго каля 300 жанчын. Аўтары закону, аднак, падкрэсліваюць яго сімвалічны сэнс як рэгулятара дапушчальных і непрымальных нормаў паводзін у сучасным бельгійскім грамадстве.







All the contents on this site are copyrighted ©.