2011-07-14 12:28:00

Італія: новы закон забараняе эўтаназію


RealAudioMP3 Пасля двухгадовых дэбатаў італьянскі парламент прыняў новы закон, які забараняе любую форму эўтаназіі, і рэгулюе распараджэння пацыента пры яго адмове ад лячэння, так званае “Біялагічнае завяшчанне”. Гэты заканадаўчы акт быў прыняты большасцю галасоў членаў кіруючай партыі, якую ўзначальвае прэм'ер-міністр Сільвіо Берлусконі, а таксама хрысціянскіх дэмакратаў. Волі пацыента, зафіксаванай у гэтым завяшчанні, будуць прытрымлівацца толькі ў тым выпадку, калі пацыент знаходзіцца ў коме.

Пісьмовае распараджэнне пацыента для ўрача, у канчатковым рахунку, не мае значэння. Нават катэгарычная воля пацыента не можа стаць прычынай адключэння яго ад штучнага сілкавання. Але працэдуры, якія падаўжаюць жыццё, павінны адпавядаць мэтам лячэння.

Каталіцкі Касцёл Італіі прывітаў прыняцце новага закона. Сенат, другая палата італьянскага парламента, павінен таксама зацвердзіць закон. Ён прыняў законапраект ужо ў сакавіку 2009 г., але, паколькі палатай дэпутатаў былі ўнесены некаторыя змены, патрабуецца паўторнае зацвярджэнне.

Гарачыя дэбаты аб эўтаназіі пачаліся ў Італіі ў 2009 г., пасля таго як італьянка Элуана Энгларо, якая знаходзілася ў коме 17 гадоў, памерла ў клініцы горада Удзінэ. Прычынай смерці стала эўтаназія. Гэта справакавала ў краіне канстытуцыйны крызіс.

Элуана Энгларо запала ў незваротную кому ў выніку аўтамабільнай аварыі ва ўзросце 20 гадоў. Яе бацька на працягу 10 гадоў змагаўся за магчымасць эўтаназіі для сваёй дачкі, у рэшце рэшт, атрымаў рашэнне суда, якое дазволіла адключыць апарат штучнага сілкавання.







All the contents on this site are copyrighted ©.