2011-07-14 13:57:07

Каталіцкі Касцёл у Балівіі супраць гандлю наркотыкамі


RealAudioMP3 Кардынал Хуліо Сандоваль Тэрразас, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Балівіі скіраваў адмысловае пасланне да грамадзян краіны, пастыраў, вернікаў і людзей добрай волі, у якім заклікае да ўзняцця барацьбы з гандлем наркотыкамі, якія ўяўляюць сабой небяспечную пагрозу для ўсіх, асабліва для маладога пакалення. “Мы павінны агульнымі намаганнямі, кожны па сваіх магчымасцях і адказнасці, забараніць, знішчыць і змагацца з незаконным гандлем наркотыкамі ў Балівіі”, - заявіў арцыбіскуп балівійскага Санта Круз дэ ла Сьерра.

Іерарх падкрэсліў, што жыхары Балівіі павінны распачаць эфектыўныя дзеянні, каб спыніць гэтае зло. Гандаль наркотыкамі распаўсюджваецца ва ўсіх сферах жыцця краіны і спрычыняецца да карупцыі, злачыннасці і шматлікіх іншых незаконных дзеянняў. “Да барацьбы з гэтай спіраллю бедства асабліва пакліканы католікі краіны, якія павінны абвяшчаць Божае Валадарства, валадарства праўды і свабоды”, - адзначыў кардынал Хуліо Сандоваль Тэрразас.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Балівіі шмат разоў асуджаў карупцыю, гандаль наркотыкамі і тэрарызм у краіне і заклікаў да змен, “заснаваных на адкрыцці чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў, пачынаючы ад абароны жыцця і справядлівасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.