2011-07-13 11:37:58

Ірак: пабудаваны першы храм з 2003 г.


RealAudioMP3 Хрысціянская супольнасць Ірака, якая пастаянна знаходзіцца пад пагрозай з боку ісламскіх экстрэмістаў, будуе новыя храмы. Так, упершыню пасля пачатку вайны ў 2003 г., у Кіркуку была адчынена новая царква.

Халдэйска-каталіцкі арцыбіскуп горада Луіс Сако здзейсніў абрад асвячэнне царквы св. Паўла. У гаміліі ён сказаў, што хрысціяне павінны працягваць адыгрываць актыўную ролю ў жыцці Ірака, таму што “ізаляцыя – гэта павольная смерць”. Халдэйскі каталіцкі іерарх выказаў упэненасць, што хрысціяне абавязкова застануцца ў Іраку, нават калі сутыкнуцца з перспектывай стаць “Касцёлам пакутнікаў”. У той жа час, арцыбіскуп выказаўся за прадастаўленне гарантый бяспекі рэлігійным меншасцям.

Хрысціянскае насельніцтва Ірака, якое перад пачаткам вайны складала прыблізна 1 млн. чалавек, зараз зменшылася да 400 тыс. Шмат хрысціянскіх сем'яў пакінула краіну з-за насілля і запалохвання.

Храм св. Паўла ў Кіркуку быў пабудаваны пры ўрадавай падтрымцы і з дапамогай прыватных ахвярадаўцаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.