2011-07-13 15:01:22

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН пра непатрэбнасць ядзернай зброі


RealAudioMP3 “Наяўнасць ядзерных узбраенняў больш не з'яўляецца маральна апраўданай”, - заявіў арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН на сустрэчы з прадстаўнікамі амерыканскай дыяцэзіі Канзас-Сіці. Ён выказаў перакананне, што цяпер у свеце стварылася спрыяльная сітуацыя для поўнага знішчэння запасаў ядзернай зброі, паведамляе “The National Catholic Reporter”.

“З пункту гледжання юрыдычнага, палітычнага, маральнага сёння надышоў момант для пачатку сістэматычнага знішчэння ядзернай зброі, - упэўнены ватыканскі дыпламат, - і рабіць гэтую працу трэба як мага хутчэй”.

У сваёй прамове ён адзначыў, што Апостальская Сталіца ўсяляк падтрымлівае агульныя намаганні сусветнай супольнасці да больш сур’ёзнага кантролю за спробамі распаўсюджвання ядзерных вайсковых тэхналогій, але асабліва выказвае сваё адабрэнне “распрацоўцы і рэалізацыі праграм па скарачэнні і знішчэнні запасаў ядзернай зброі ў свеце”.

Арцыбіскуп адзначыў, што дамоўленасці аб раззбраенні, якія ў апошнія два дзесяцігоддзі былі заключаны паміж Расіяй і ЗША, трэба прызнаць недастатковымі, бо яны не ўхілілі глабальнай ядзернай пагрозы ў свеце.

Арцыбіскуп Чулікат заклікаў да выпрацоўкі новых падыходаў да раззбраення ў рамках механізмаў і структур ААН. Святы Пасад упэўнены, сказаў арцыбіскуп, што “зараз узнікае асабліва моцная патрэба ў сумесных ініцыятывах і канкрэтных дзеяннях многіх краін у гэтым напрамку”. “Занадта ўжо доўга ядзерная зброя вісіць як дамоклаў меч над чалавецтвам. Зараз надыходзіць час для фундаментальнага пераасэнсавання неабходнасці ядзернай зброі”, - заявіў ён.







All the contents on this site are copyrighted ©.