2011-07-13 15:17:38

Бразілія: біскупы пазнаёмяцца з логікай сучасных СМІ


RealAudioMP3 У Рыа дэ Жанейра пачаўся семінар для бразільскіх біскупаў, падчас якога іерархі пазнаёмяцца з феноменам камунікацыі, яе эвалюцыяй і прыродай. У форуме прымае ўдзел старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі. Ён патлумачыў, што ідэя правядзення семінара ўзнікла падчас візіту “ad limina” бразільскага епіскапату ў Рым.

Па словах іерарха, “Каталіцкі Касцёл у Бразіліі хоча запытацца праз сваіх пастыраў, што значыць сёння камунікаваць. Гэта не азначае толькі інфармаваць, але перш за ўсё прапаведваць. Прапаведванне Касцёла павінна адбывацца з усведамленнем таго, у чым чалавек мае патрэбу, чаго шукае. Па гэтай прычыне Касцёл павінен задаць сабе пытанне не толькі пра змест свайго прапаведвання, але і таксама падумаць як прапаведваць. І тут узнікае справа мовы, якую мы сёння ўжываем”. На думку арцыбіскупа Чэллі, мова прапаведвання павінна быць зразумелай сённяшняму чалавеку. Трэба разумець цярпенні чалавека, яго самотнасць. Чалавек сёння патрабуе цяпла і спакою, а жыве ў мітусні і холадзе.

“Гэта вялікі выклік для Касцёла, які павінен прапаведваць у глыбокім разуменні таго, што чалавек носіць у сваім сэрцы і бачыць, як можна адказаць на гэтыя вялікія патрэбы”, - адзначыў іерарх. - “Касцёл праз пасрэдніцтва СМІ, якія мае ў сваім распараджэнні, павінен шукаць чалавека. Бо, ў грамадстве, у якім існуюць толькі мітусня і крык, чалавеку цяжка зразумець слова, якое прапаведуе Касцёл. І праблема штодзённасці – навучаць у спакоі, каб магчы лепш слухаць. Адукацыя ў спакоі, каб лепш зразумець сябе, таму, што чалавек у сваім жыцці намагаецца адшукаць сябе самога”, - нагадаў кіраўнік ватыканскай дэкастэрыі.

На яго думку, калі чалавек не шукае ўнутранага жыцця, яго існаванне становіцца непаўнацэнным. Касцёл павінен дапамагчы чалавеку ў гэтым пошуку, бо ён з’яўляецца экспертам у чалавечнасці, і падтрымаць яго, бо свет часта кажа, што шукаць не трэба, амаль поўнасцю нішчачы гэта ўнутранае шуканне чалавека.







All the contents on this site are copyrighted ©.