2011-07-12 13:23:11

Расія: візіт італьянскіх біскупаў


RealAudioMP3 Біскуп Тэрні Вінчэнцо Палья, старшыня біскупскай канферэнцыі Умбрыі, узначаліў дэлегацыю, якая з 11 па 16 ліпеня знаходзіцца з візітам у Расіі, каб “наведаць Рускую Праваслаўную Царкву і невялікі, але вельмі жывы, Каталіцкі Касцёл у гэтай краіне”.

Іерарх адзначыў, што Умбрыя – гэта “зямля, якая гістарычна звязана з Усходнімі Цэрквамі. Дастаткова нагадаць, што падчас іконаборства шматлікія ўсходнія манахі прыбылі да Умбрыі, уцякаючы перад пераследам”.

Падчас візіту ў сталіцы Расіі дэлегацыя наведае месцы праваслаўнай рэлігійнай традыцыі: Данілаўскі і Данскі манастыры, Троіца-Сергееву лаўру і кафедральны сабор Хрыста Збаўцы. Акрамя таго, італьянскія пілігрымы наведаюць Бутава, дзе ў 1937-1938 г.г. было растраляна больш за 21 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1 тыс. святароў і дзесяткі праваслаўных біскупаў. Тут пабудаваны храм, прысвечаны ахвярам таталітарызму. “У гэтым месцы-сімвале пакутніцтва ахвяраў таталітарызму, мы дакранемся да таго, аб чым шмат разоў казаў бл. Ян Павел ІІ: пакутніцтва, якое аб’ядноўвае хрысціян”, - сказаў біскуп Палія. У Маскве дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла: Апостальскім нунцыем Іванам Юркавічам і арцыбіскупам Паўло Пеццы.

У Санк-Пецярбургу, пасля візіту ў праваслаўным саборы святых Пятра і Паўла, італьянская дэлегацыя возьме ўдзел у св. Імшы ў каталіцкім касцёле св. Кацярыны.







All the contents on this site are copyrighted ©.