2011-07-12 12:35:33

Германія: 175 тыс. заявак на ўдзел у набажэнствах падчас візіту Папы


RealAudioMP3 Каля 175 тыс. чалавек да гэтага часу падалі заяўкі на ўдзел у пяці асноўных набажэнствах у рамках візіту Святога Айца ў Германію. Аб гэтым распавёў галоўны каардынатар візіту а. Ханс Лангендорфер, у панядзелак вечарам у Берліне.

Ён паведаміў, што кошт чатырохдзённага візіту будзе складаць ад 25 да 30 млн. еўра. Гэта перш за ўсё кошты арганізацыі ўрачыстасцяў, адлюстраваннем маштабу і ўзроўню якіх з'яўляецца гэты “разумны бюджэт”. Бэнэдыкт XVI 22-25 верасня наведае Берлін, Эрфурт, Эрцэльсбах у Цюрынгіі – гэта рэгіянальны пілігрымковы цэнтр – і Фрайбург.

Аб сваім удзеле ў папскай св. Імшы 22 верасня на Алімпійскім стадыёне Берліна заявіла да гэтага часу 55 тыс. чалавек, як адзначыў каардынатар падарожжа ў Бярлінскай архідыяцэзіі кс. прэлат Роланд Ротэр. Акрамя таго, свой удзел пацвердзілі больш за 12 тыс. пілігрымаў з Польшчы і Аўстрыі. Такім чынам, чакаецца, што Алімпійскі стадыён будзе запоўнены цалкам.

На св. Імшу на Катэдральнай плошчы Эрфурта 24 верасня на сённяшні дзень выказала жаданне прыбыць усяго 30 тыс. вернікаў. Генеральны вікарый дыяцэзіі кс. прэлат Раймунд Бэк прычынай такой малой колькасці жадаючых назваў вострыя меры бяспекі, якія прымяняюцца пасля мінулагодняга інцыдэнту ў Дуйсбургу, дзе падчас "Love Parade" загінула 19 і атрымала траўмы каля 500 чалавек. Па гэтай прычыне 12 тыс. запытаў на білеты было не задаволена.

Але, як адзначыў кс. Бэк, разам з адмовай жадаючым было выслана запрашэнне на ўдзел ў набажэнстве 23 верасня ў санктуарыі Эрцэльсбах. 40 тыс. чалавек ужо выказала жаданне паўдзельнічаць у св. Імшы, якую ўзначаліць Папа, хоць плошча перад касцёлам можа змясціць нават 100 тыс. чалавек. Бэнэдыкт XVI праедзе па ёй на папамабілі ўздоўж сектараў з пілігрымамі 750 метраў.

Да ўдзелу ў Эўхарыстыі 25 верасня ў Фрайбургу да гэтага часу зарэгістравалася 47 тыс. чалавек, сказаў каардынатар візіту ў гэтай дыяцэзіі, кс. канонік Пітэр Біркхофер; 12 тыс. на вячэрнюю малітву моладзі з Папам 24 верасня. Па яго словах, штодзённа прыходзіць прыкладна 1 тыс. заявак. Архідыяцэзія чакае 100 тыс. удзельнікаў на папскай св. Імшы і 20 тыс. на чуванні для моладзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.