2011-07-11 12:06:32

Малайзія: 50 тыс. дэманстрантаў за свабодныя выбары


RealAudioMP3 У Малайзіі ў мінулыя выходныя тысячы людзей выйшлі на вуліцы, каб выказацца за свабодныя і справядлівыя выбары. Каля 1600 пратэстуючых пасля маршу пратэсту ў сталіцы краіны Куала Лумпуры ў суботу часова былі ўзяты пад варту паліцыяй. У сутыкненнях з сіламі бяспекі ўдзельнічаў таксама былы віцэ-прэм'ер Анвар Ібрагім, які ў выніку атрымаў траўмы. Іншыя вядомыя апазіцыйныя палітыкі былі вымушаны правесці ноч у бальніцы з-за ўжытага паліцыяй слёзацечнага газу.

Арганізатары акцыі – рух “Bersih”, заявілі пра вялікі поспех. Заснаваны ў 2006 г. рух падтрымліваецца з боку апазіцыйных партый Малайзіі і пазаўрадавых арганізацый. Яго дзейнасць накіравана на барацьбу з карупцыяй і правядзенне празрыстых выбараў.

Урад прэм'ер-міністра Наджыба Разака назваў рух “Bersih” “здраднікамі рэлігіі, народу і краіны”. Сам кіраўнік урада зноў абвінаваціў блізкаўсходніх хрысціян, камуністаў і замежных грамадзян у “натхненні” да пратэстаў. Каталіцкі Касцёл Паўднёва-Усходняй Азіі заклікаў да малітвы за мірны канец дэманстрацый.

Трэба адзначыць, што на панядзелак, 18 ліпеня, у Кастэль Гандольфа запланавана сустрэча прэм'ер-міністра Наджыба Разака з папам Бэнэдыктам XVI.

На думку назіральнікаў, этнічная і рэлігійная напружанасць у краіне існуе ўжо на працягу апошніх некалькіх гадоў. Каля 60%, прыблізна 27 млн., малайзійцаў вызнаюць іслам, 19% – будызм, і 9% – хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.