2011-07-10 14:01:00

Папа перад “Анёл Панскі”: сапраўднай “прыпавесцю” з'яўляецца сам Езус


RealAudioMP3 Сённяшнее разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI прысвяціў тэме распаўсюджвання Божага Слова ў сучасным свеце і цяжкасцям, з якімі яно сустракаецца. Гэта была першая сустрэча Папы з вернікамі у летняй рэзідэнцыі Пантыфікаў падчас сёлетняга адпачынку.

"Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся да сабраных Святы Айцец -

Я ўдзячны вам за тое, што вы прыбылі малітву “Анёл Панскі” сюды, у Кастэль Гандольфа, дзе я знаходжуся ўжо на працягу некалькіх дзён. Ахвотна карыстаюся магчымасцю, каб сардэчна прывітаць таксама ўсіх жыхароў гэтай дарагой мне мясцовасці і пажадаць добрага летняга часу, асабліва вітаю нашага біскупа, біскупа дыяцэзіі Альбано.

У Евангеллі сённяшняй нядзелі (Мц 13, 1-23) Езус звяртаецца да натоўпа з вядомай прыпавесцю пра сейбіта. Гэта старонка ў пэным сэнсе "аўтабіяграфічная", бо адлюстроўвае досвед самога Езуса, Яго прапаведвання. Ён атаясамлівае сябе з сейбітам, які сее добрае зерне Божага Слова і бачыць розныя эфекты, якія дасягаюцца, у залежнасці ад тыпу прыняцця, з якім сустракаецца гэта абвяшчэнне. Адзін слухае Слова павярхоўна, але не прымае яго, другі бярэ яго ў дадзены момант, але не застаецца дастаткова моцным і губляе ўсё, наступны падаўлены клопатамі і задавальненнямі свету, а ў канцы ёсць той, хто слухае, паглынаючы, як добрая зямля: тут Слова нараджае багатыя плёны.

Але Евангелле таксама звяртае ўвагу на "метад" пропаведзі Езуса, менавіта на выкарыстанне прыпавесцяў. "Чаму ў прыпавесцях звяртаешся да іх?" – пытаюцца вучні (Мц 13, 10). І Езус адказвае, адрозніваючы іх ад натоўпу: да вучняў, гэта значыць да тых, хто ўжо выбраў Яго, ён можа адкрыта казаць пра Валадарства Божае, а іншым павінен абвяшчаць тое ж з дапамогай прыпавесцяў менавіта для таго, каб стымуляваць іх рашэнне, навяртанне сэрца, прыпавесці па сваёй прыродзе патрабуюць намаганняў інтэрпрэтацыі, патрабуюць інтэлекту, але і свабоды. Святы Ян Хрызастом (Залатавусны) тлумачыць: "Езус сказаў гэтыя словы з намерам прыцягнуць да сябе сваіх слухачоў і стымуляваць іх, абяцаючы ім, што калі нанава навернуцца да Яго, Ён іх аздаровіць". (Каментар да Евангелля св. Мацвея; 45, 1-2). На самой справе, сапраўднай "прыпавесцю" з'яўляецца сам Езус, Яго Асоба, якая пад чалавечнасцю ўтойвае, і, у той жа час, паказвае, боскасць. Такім чынам, Бог не прымушае нас верыць у Яго, але прыцягвае нас да сябе праўдай і дабрынёй свайго Сына ўцелаўлёнага: бо любоў заўсёды шануе свабоду.

Дарагія сябры, заўтра мы будзем адзначаць свята св. Бэнэдыкта, абата і апекуна Еўропы. У святле гэтага Евангелля, паглядзём на яго як на майстра слухання Божага Слова, слухання глыбокага і сталага. Мы заўсёды павінны вучыцца ад гэтага вялікага патрыярха заходняга манаства прызначаць Богу месца, якога Ён ад нас чакае – першага месца, ахвяруючы Яму ў ранішняй і вячэрняй малітве штодзённыя справы. Няхай Марыя дапаможа нам быць, на яе ўзор, "добрай зямлёй", дзе насенне Слова можа прынесці вялікі плён".

Пасля марыйнай малітвы і благаслаўлення, Святы Айцец прывітаў прысутных на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай і польскай мовах. Ён нагадаў, што сёння ў свеце адзначаецца "Марская нядзеля", Дзень апостальства людзей мора. З гэтай нагоды Папа прывітаў святароў і валанцёраў, якія працуюць душпастырстве маракоў і рыбакоў, а таксама іх сем'яў. Акрамя таго, ён запэўніў у сваёй малітве за тых маракоў, якія былі выкрадзены ў выніку актаў пірацтва. Святы Айцец пажадаў, каб да іх адносіліся з павагай і гуманна, а іх сям'і трывалі ў веры і не гублялі надзеі ўбачыць сваіх блізкіх.







All the contents on this site are copyrighted ©.