2011-07-09 11:53:03

Кардынал Равазі: каштоўнасць дыялога з неверуючымі


RealAudioMP3 27 кастрычніка ў Асізі, у сустрэчы пілігрымаў супакою, у якой возьме ўдзел Бэнэдыкт XVI і прадстаўнікі розных веравызнанняў, будзе ўдзельнічаць група з пяці чалавек: дзеячоў культуры, навукі і філасофіі. Гэтыя асобы, не прадстаўляюць ні адной з рэлігій, але ў той жа час, з’яўляюцца прадстаўнікамі вялікай колькасці людзей, якія маюць этычнае і гуманістычнае бачанне свайго быцця і разумення ўсяго, што існуе. Аб гэтым піша кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, у артыкуле апублікаваным на старонках сённяшняй “L’Osservatore Romano”. “Хто задае пытанні – той хоча праўды. Але той хто мае сумневы, хоча сказаць, што праўды не існуе”, - такімі словамі амерыканскага пісменніка Кормака Маккарці, кардынал Равазі ахарактарызаваў гэтую вялікую колькасць людзей розных культур і моваў.

Іерарх расказаў, што ў пілігрымцы супакою, таксама прыме ўдзел адна жанчына – прадстаўніца сучаснай філасофіі і псіхалогіі, францужанка балгарскага паходжання Юлія Крыстэва, якая з’яўляецца даследчыцай містычнага вопыту св. Тэрэзы Авільскай.

Кардынал Равазі нагадаў аб ініцыятыве наладзіць дыялог з неверуючымі, якая паўстала дзякуючы жаданню Святога Айца. “Веруючыя і неверуючыя, канешне прытрымліваюцца розных ідэалаў, але яны не павінны кіравацца да сакральнага ці свецкага ізаляцыянізму, ігнаруючы і адштурхоўваючы адзін аднаго, як гэтага хочуць фундаменталісты абодвух бакоў, - кажа іерарх - Думкі, словы, справы і выбары абодвух груп павінны сустракацца, калі размова ідзе аб міры і справядлівасці. Гэта, своеасаблівы сцяг, узняты ў Асізі, перад тымі, хто разглядае гэтыя каштоўнасці як Божы дар, а таксама перад тымі, для каго неба з’яўляецца пустым; аднак сумленне і жыццё, якіх скіравана на стварэнне больш справядлівага грамадства”.

Іерарх адзначыў важнасць дыялога. “Таксама і тыя, хто не лічаць сябе веруючымі, але знаходзяцца ў пошуку вялікіх гарызонтаў быцця праз свой розум, мастацтва, інтэлектуальныя і чалавечыя намаганні, маюць асаблівыя дары, якія могуць прадставіць веруючым. І мы павінны зразумець наколькі каштоўнымі з’яўляюцца такія сустрэчы – сапраўдныя і цёплыя. Падчас іх мы разважаем, размаўляем і молімся за мір і справядлівасць у свеце, ідучы шляхам св. Францішка”. - сказаў кардынал Равазі.







All the contents on this site are copyrighted ©.