Канферэнцыя Каталіцкіх
Біскупаў ЗША скіравала зварот да ўрада краіны, у якім заклікае звярнуць увагу на неабходнасць
захавання у бюджэце 2012 г. выдаткаў на рэалізацыю праграм міжнароднай салідарнасці
і гуманітарнай дапамогі. “Маральнасць патрабуе намаганняў па памяншэнні дэфіцыта і
пазыкі краіны, але ў той жа час, гэтыя намаганні не павінны пагражаць стану бедных
людзей ва ўсім свеце”, - пішуць аўтары зварота: старшыня Камісіі па міжнароднай справядлівасці
і міру амерыканскага епіскапата, біскуп Ховард Джэймс Хубарт і кіраўнік дабрачыннай
арганізацыі “Сatholic Relief Servise” Кэн Хакет. Зварот быў накіраваны з нагоды перагляду
бюджэту ЗША на наступны год.
У пасланні адзначаецца, што ўжо у 2011 г. бюджэтныя
выдаткі на гуманітарную дапамогу былі паменьшаны на 8,4% і наступныя памяншэнні могуць
стаць сапраўдным цяжарам для бедных краін.
“Пад пагрозай знаходзяцца шматлікія
праграмы салідарнасці і гуманітарнай дапамогі, якія тычацца жыцця і годнасці людзей.
Мэта гэтых праграм палягае на тым, каб спрыяць сапраўднаму інтэгральнаму развіццю,
перамагчы беднасць і палепшыць умовы жыцця ў найбяднейшых краінах свету”, - адзначаецца
ў звароце. Звяртаецца ўвага таксама на тое, што гаворка ідзе і аб нацыянальнай бяспецы,
бо “беднасць і адчай часта з’яўляюцца прычынамі тэрарызму”. Амерыканскія біскупы заклікаюць
да дакладнага разумення прыярытэтных пытанняў і яснага і этычнага іх бачання”.