2011-07-09 13:57:18

Еўрапейскі суд: у Швейцарыі не будзе мінарэтаў


RealAudioMP3 Еўрапейскі суд па правах чалавека палічыў недапушчальнымі два запыты адносна забароны на будаўніцтва мінарэтаў у Швейцарыі. Па словах суддзі, які абвяшчаў рашэнне, пазоўнікі не могуць прэтэндаваць на тое, каб іх палічылі “ахвярамі” парушэння Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, гаворыцца ў заяве Страсбургскага суда ад 8 ліпеня 2011 г.

Скаргі былі пададзены 15 і 16 снежня 2009 г. Хафідам Уардзіры, былым прэс-сакратаром мячэці ў Жэневе і сустаршынёй аднаго з ісламскіх фондаў Швейцарыі, а таксама некалькімі аб'яднаннямі, існуючымі ў адпаведнасці са швейцарскім заканадаўствам: Лігай мусульман Швейцарыі, мусульманскай супольнасцю Жэневы, культурнай асацыяцыяй мусульман Неўшатэля і Жэнеўскай асацыяцыяй мусульман. Заяўнікі ўнеслі свае іскі ў Еўрапейскі суд пасля таго, як большасць швейцарцаў сказалі сваё “не” мінарэтам у краіне 29 лістапада 2009 г.

Па дадзеных Еўрапейскага суда, заяўнікі сцвярджалі, што забарона на будаўніцтва мінарэтаў з'яўляецца “парушэннем рэлігійных свабод і дыскрымінацыяй па рэлігійнай прыкмеце”.

Сем суддзяў, разгледзеўшы гэтыя пазовы, прыйшлі да высновы, што заяўнікі скардзяцца на тое, што папраўка да канстытуцыі, занесеная па выніках рэферэндуму, “ударыла па іх рэлігійным перакананням”. Між тым, як пастанавілі суддзі, згаданае рашэнне “не мела непасрэднага ўплыву на саміх пазоўнікаў, і яны ад яго не пацярпелі”. Па гэтай прычыне, як пастанавіў суд, пазоўнікі не могуць быць прызнаныя ахвярамі парушэння іх рэлігійных свабод. Пры гэтым суддзі дадалі, што заяўнікі таксама не могуць быць прызнаныя “ускоснымі ахвярамі” або “патэнцыйнымі ахвярамі”. Такім чынам, рашэнне Страсбургскага суда з'явілася канчатковым у гэтай справе.







All the contents on this site are copyrighted ©.