2011-07-09 14:09:34

Венгерскі дыпламат: новая Канстытуцыя паспрыяе маральнаму аднаўленню


RealAudioMP3 “Прыняцце Венгрыяй новай Канстытуцыі з’яўляецца заканчэннем пераходнага перыяда, пасля камуністычнай дыктатуры і радыкальных форм лібералізма”, - заявіў Габар Г’ёрываньі, пасол Венгерскай Рэспублікі пры Апостальскай Сталіцы ў інтэрв’ю сённяшняму выданню “L’Osservatore Romano”. Паводле яго слоў новая Канстытуцыя Венгрыі паспрыяе “грамадскаму і маральнаму абнаўленню”, якога краіна даўно чакае.

Дыпламат адзначыў, што падчас прыняцця даверчых грамат, Бэнэдыкт XVI выказаў надзею на тое, што натхненнем для новай Канстытуцыі будуць “хрысціянскія каштоўнасці, асабліва тыя, што тычацца адносін да сужэнства і сям’і ў грамадстве і абароны жыцця”. Венгерскі дыпламат расказаў, што “новая венгерская Канстытуцыя, падпісаная прэзідэнтам краіны Палам Шмітам у Велікодны Панядзелак 2011 г., споўніць гэтыя спадзяванні”. Пасол Г’ёрываньі, нагадаў, што ва ўступе да Канстытуцыі ёсць зварот да Бога, а таксама пералік каштоўнасцяў, якія павінны натхняць венгерскі народ. “Ёсць там таксама прызнанне ролі хрысціянства ў развіцці краіны і спадчыны св. Стэфана, першага венгерскага караля. - адзначыў дыпламат - У першым пункце дакумента адзначаецца прыярытэт абароны жыцця і сям’і, “дабравольнага саюзу мужчыны і жанчыны”. Акрамя таго, узгадваецца абавязак дзяржавы спрыяць захаванню сям’і і яе непарушнасці, бяручы на сябе таксама яе эканамічныя і фінансавыя праблемы”.

“Неабходна спадзявацца, што дух гэтай Канстытуцыі прынясе плёны ў грамадскім жыцці, згодна са словамі Бэнэдыкта XVI: дзейнасць для грамадскага дабра з’яўляецца інстітуцыянальным і палітычным шляхам любові”, - адзначыў пасол Венгерскай Рэспублікі пры Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.