2011-07-07 13:23:28

Копцкі епіскап лічыць, што ў Егіпце не існуе свабоды веравызнання


RealAudioMP3 Вярхоўны адміністрацыйны суд Егіпта выдаў пастанову, згодна з якой хрысціянам, што прынялі іслам, а потым вырашылі вярнуцца ў хрысціянства, дазваляецца зноў атрымаць запіс у пашпарце або пасведчанні аб нараджэнні, які сведчыць аб прыналежнасці да хрысціянства.

3 ліпеня Вярхоўны суд пастанавіў, што Міністэрства ўнутраных спраў абавязана задавольваць прашэнні аб падобным запісу аўтаматычна, не звяртаючыся ў суд для вырашэння кожнага асобнага выпадку. Таксама суд абвінаваціў міністэрства ў тым, што раней яно адмаўляла ў падобных прашэннях.

У сваю чаргу, епіскап Гізы Філапатр Джаміль выказаў сумнеў адносна выканання гэтай пастановы на практыцы. “Праблема ў тым, што ўлады не хочуць выконваць пастановы суда, прынятыя на нашу карысць”, - заявіў іерарх. “У справах аб пераходзе з адной рэлiгii ў другую існуюць падвойныя стандарты. Калі хрысціяне вырашаюць перайсці ў іслам, яны атрымліваюць у сваім рашэнні любую падтрымку, у тым ліку з боку ўладаў, і маментальна атрымліваюць у пашпарце запіс аб новай рэлігіі, - распавёў епіскап. - Калі ж наадварот, мусульманін прымае хрысціянства, ён сутыкаецца з разнастайнымі цяжкасцямі на сваім шляху, што супярэчыць свабодзе веравызнання”.

На думку епіскапа, дюдзі, якія лічаць, што Копты ў Егіпце карыстаюцца поўнай свабодай веравызнання, памыляюцца. “Нованавернутыя хрысціяне павінны пераадолець мноства перашкод, каб проста даказаць сваё існаванне”.







All the contents on this site are copyrighted ©.