2011-07-06 12:21:05

Германія: расце колькасць ісламскіх экстрэмістаў


RealAudioMP3 Міністр унутраных спраў Германіі заявіў, што тэрарыстычная пагроза ў краіне з боку мусульманскіх экстрэмістаў не зменшылася, а наадварот працягвае расці, нягледзячы на смерць Усамы бен Ладэна, перадае “Associated Press”. Органы бяспекі не бачаць падстаў для зніжэння ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы пасля смерці лідэра Аль-Каіды, заявіў Ханс Пітэр Фрыдрых падчас прэзентацыі штогадовай справаздачы аб працы ўнутраных спецслужб Германіі.

“Пагроза ісламскага экстрэмізму мае шырокае распаўсюджанне і не звязана наўпрост з лідэрам Аль-Каіды, - заявіў міністр. - Ужо на працягу двух гадоў у Германіі і па ўсёй Еўропе склалася агульная сітуацыя пагрозы, якую, аднак, складана канкрэтызаваць”.

Паводле дакладу Федэральнага бюро абароны канстытуцыі, колькасць мусульман, звязаных з экстрэмісцкімі групоўкамі ў Германі і вырасла па афіцыйных дадзеных з 36270 чалавек у 2009 г. да 37470 чалавек у 2010 г. Большасць з іх звязаны з турэцкімі групоўкамі. Акрамя таго, у дакладзе адзначаецца рост колькасці неанацыстаў, па афіцыйных дадзеных - з 5000 да 5600 чалавек.

“Найбольшы клопат выклікае павелічэнне колькасці арганізацый салафітаў, якія прапаведуюць чысты, ультракансерватыўны іслам і дасягнулі найбольшых поспехаў у вярбоўцы новых членаў сярод моладзі”, - заявіў Хайнц Фром, прэзідэнт Федэральнага бюро абароны канстытуцыі. Ён адзначыў, што забойства двух амерыканскіх пілотаў, учыненае ў сакавіку гэтага года ў аэрапорце Франкфурта 21-гадовым косаўскім албанцам, звязана з групоўкамі салафітаў. “Не кожны салафіт – тэрарыст, але амаль кожны тэрарыст, які нам вядомы, меў кантакты з салафітамі”, - заявіў Хайнц Фром.







All the contents on this site are copyrighted ©.