2011-07-03 14:27:05

Кардынал Бэртонэ: сустрэча ў Асізі таксама для няверуючых


RealAudioMP3 На малітву аб міры, якая пройдзе ў італьянскім Асізі 27 кастрычніка, па словах кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ плануецца запрасіць не толькі хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігій, але таксама і няверуючых. Дзейнасць на карысць міру, з'яўляецца абавязкам усіх людзей, падкрэсліў найбліжэйшы супрацоўнік Бэнэдыкта XVI у каментары для сённяшняга "L'Osservatore Romano".

Сустрэча ў Асізі будзе арганізавана ў гонар гістарычнай сустрэчы за мір у 1986 г., падкрэсліў кардынал Бэртоне. Тады ўпершыню ў гісторыі сабраліся разам прадстаўнікі практычна ўсіх асноўных рэлігій, каб выказаць сваю прыхільнасць справе міру ў свеце. Другі форум у Асізі адбыўся ў студзені 2002 г. Пасля тэрактаў 11 верасня ў ЗША, прадстаўнікі рэлігій выказаліся супраць тэрарызму і інструменталізацыі рэлігіі для насілля.

Кастрычніцкая сустрэча, якая пройдзе пад дэвізам “Пілігрым праўды, пілігрым міру", мае на мэце аднавіць жаданне працаваць на карысць міру і пабудовы больш справядлівага і адзінага грамадства. Мерапрыемства адзначыцца трыма элементамі: малітвай, постам і пілігрымкай. Малітва ўдзельнікаў мірнага саміта будзе адбывацца ў маўчанні. Па словах кардынала Дзяржсакратара, яна не будзе прамоўлена, каб пазбегнуць якіх-небудзь праяў рэлятывізму і рэлігійнага змешвання.

Пост, які будзе перапынены простым супольным абедам, стане выразам пакаяння і ўнутранага ачышчэння, адзначыў кардынал. Элементам пілігрымкі стане сумесны пераезд цягніком з Рыма ў горад св. Францішка, а таксама пешая пілігрымка з ніжняга касцёла Асізі да базылікі св. Францішка, дзе і завершыцца супольная сустрэча за мір.







All the contents on this site are copyrighted ©.