2011-07-03 13:21:14

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: трэба адмовіцца ад жыцця ў дзёрзкасці і гвалце


RealAudioMP3 Ісці за Хрыстом і свядома прымаць Яго ярмо, якое з'яўляецца лёгкім і любым, заклікаў вернікаў папа Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Анёл Панскі” на Плошчы св. Пятра ў Ватыкане 3 ліпеня. Пантыфік нагадаў, што толькі ідучы за Езусам можна не згубіцца ў жыцці, знайсці яго сэнс і мэту, бо толькі Ён з’яўляецца праўдзівым арыенцірам для кожнага чалавека.

Дарагія браты і сёстры! - сказаў Папа. -

Сёння ў Евангеллі Езус паўтарае нам словы, якія так добра ведаем, але якія заўсёды хвалююць нас: "Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі."(Мц 11, 28-30). Калі Езус падарожнічаў па дарогах Галілеі, прапаведуючы Божае Валадарства і аздараўляючы шматлікіх хворых, спачуваў натоўпам, таму што яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра (пар. Мц 9, 35-36). Гэты погляд Езуса, здаецца, дасягае нашых часоў, нашага свету. Таксама сёння, ён спыняецца на шматлікіх людзях, прыгнечаных цяжкімі ўмовамі жыцця і пазбаўленых важных арыенціраў, і дапамагае знайсці сэнс жыцця і мэту існавання. Незлічоная колькасць людзей у найбяднейшых краінах дасведчана пакутамі, а нават у багатых краінах, ёсць шмат мужчын і жанчын, незадаволеных, і нават пакутуючых на дэпрэсію. Задумаемся аб шматлікіх бежанцах і ўцекачах, аб тых, хто эмігруе, рызыкуючы ўласным жыццём. Погляд Хрыста спачывае на ўсіх гэтых людзей, больш таго – на кожным з дзяцей Айца Нябеснага, і паўтарае: "Прыйдзіце да Мяне ўсе…".

Езус абяцае ўсім "падмацаванне", але ставіць ўмову: "Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам". Што такое гэта "ярмо", якое, замест таго, каб абцяжарваць, прыносіць палёгку, а замест прыгнечваць, супакойвае? "Ярмо" Хрыста – гэта закон любові, запаведзь, якую пакінуў сваім вучням (пар. Ян 13,34; 15,12). Сапраўдным лекам для ран чалавецтва, як матэрыяльных, такіх як: голад і несправядлівасць, так і псіхалагічных і маральных, выкліканых ілжывым дабрабытам, з'яўляецца правіла жыцця, заснаванае на братэрскай любові, крыніца якой – любоў Божая. Таму, трэба адмовіцца ад жыцця ў дзёрзкасці і гвалце, якія выкарыстоўваюцца для атрыманя ўсё большай і большай улады, каб забяспечыць сабе поспех любой цаной. Таксама ў адносінах да навакольнага асяроддзя трэба адмовіцца ад агрэсіўнага стылю, які пераважаў у апошнія стагоддзі, і прыняць разумную "сярэдзіну". Аднак, перш за ўсё, у адносінах: міжчалавечых, міжасабовых, грамадскіх, прынцып павагі і адмовы ад гвалту, гэта значыць сіла праўды супраць усялякага роду крыўды, можа забяспечыць будучыню, годную чалавека.

Дарагія браты, учора мы адзначалі адмысловы літургічны ўспамін Найсвяцейшай Марыі, праслаўляючы Бога за яе Беззаганнае Сэрца. Няхай Марыя Панна дапаможа нам "вучыцца" ад Езуса сапраўднай пакоры, свядома браць на сябе Яго лёгкае ярмо, каб адчуваць унутраны спакой і станавіцца, у сваю чаргу, здольнымі суцяшаць іншых братоў і сясцёр, якія падарожнічаюць стомленыя жыццёвым шляхам".

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа прывітаў пілігрымаў на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, славацкай і польскай мовах. Ён узгадаў таксама сённяшнюю беатыфікацыю ў Румыніі ў Сату Марэ біскупа-мучаніка Яна Шэфлера, закатаванага ў 1952 г. "Няхай яго сведчанне заўсёды падтрымлівае веру тых, хто ўзгадвае яго з любоўю, і новых пакаленняў", - пажадаў Святы Айцец.

Пантыфік абвясціў, што з наступнай нядзелі, у летні перыяд, будзе праводзіць нядзельную марыйную малітву ў Кастэль Гандольфа, сваёй летняй рэзідэнцыі, куды накіруецца праз некалькі дзён.







All the contents on this site are copyrighted ©.