2011-07-02 13:34:12

Будучыня хрысціян у Паўночным Судане пад пагрозай


RealAudioMP3 Англіканскі біскуп Кадуглі Андуду ў Паўночным Судане Адам Эльнаіл заклікае хрысціян ва ўсім свеце маліцца і пасціць напярэдадні канчатковага падзелу Судана на Паўднёвы і Паўночны. Іерарх папярэджвае адносна магчымага генацыду хрысціян у рэгіёне Нубійскіх гор, дзе за апошнія тыдні рэзка ўзрасла колькасць выпадкаў насілля, перадае “Christian Today”.

Рэгіён, які з'яўляецца домам для многіх хрысціян, можа застацца пад кантролем Хартума і мусульманскай Поўначы пасля таго, як 9 ліпеня Паўднёвы Судан здабудзе незалежнасць. Па меры таго, як наступаюць суданскія танкі і артылерыя, сотні тысяч нубійцаў пакідаюць свае дамы. Прадстаўнікі ААН і мясцовыя жыхары, якім удалося ацалець, расказалі пра тое, што суданская армія карае смерцю мірных жыхароў, праводзіць масіраваныя бамбардзіроўкі, у выніку якіх разбураюцца храмы і дамы.

У сувязі з тым, што кіраўніцтва Паўночнага Судана заклікала міратворчую місію ААН пакінуць краіну, у грамадстве ўзнікаюць сур'ёзныя асцярогі, што ваенныя аперацыі працягнуцца і далей.

“У чарговы раз мы сутыкаемся з кашмарам генацыду нашых людзей, са спробай знішчыць нашу культуру і грамадства”, - заявіў біскуп Эльнаіл. Паводле іерарха, “гэта не вайна паміж войскамі, якая вядзецца на нашай зямлі, гэта поўнае разбурэнне нашага ладу жыцця і нашай гісторыі, мы можам назіраць гэта на прыкладзе генацыду нашых суседзяў і сваякоў у Дарфуры. Гэта вайна, накіраваная на зняволенне і знішчэнне ў корані, гэта тэрарыстычная вайна ўрада Судана супраць уласнага народа".

Біскуп выказаў занепакоенасць адносна будучыні хрысціян на Поўначы краіны, кіраўніцтва якой пасля 9 ліпеня, па заяве прэзідэнта Амара аль-Башыра, будзе адбывацца па законах шарыяту. Іерарх лічыць, што адмова аль-Башыра прызнаць законнае існаванне хрысціянскай меншасці на Поўначы, раўнасільна адмове прызнаць існаванне двухтысячагадовай спадчыны Хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.