2011-07-01 16:30:58

Святы Айцец прыняў удзел ва ўрачыстым абедзе з кардыналамі


RealAudioMP3 З нагоды 60-годдзя святарскага пасвячэння Бэнэдыкта XVI у зале Дукале Апостальскага Палаца адбыўся абед Святога Айца з кардыналамі, якія прабываюць у Рыме. Падобнае мерапрыемства ўжо адбывалася аднойчы, 19 красавіка 2010 г., з нагоды 5-й гадавіны абрання Бэнэдыкта XVI на пасад Святога Пятра.

Пасля сённяшняга абеду Пантыфік звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, у якой падзякаваў кардыналу Анджэла Садана, дэкану калегіі кардыналаў, за арганізацыю гэтага мерапрыемства, а таксама паразважаў аб каштоўнасці братэрскага адзінства паміж святарамі. “Fratres in unum” (“Браты ў адзінстве”): гэта унутраная рэальнасць святарства, бо сам святар ніколі не можа атрымаць пасвячэнне без уключэння ў прэсбітэрыят, ці біскуп ў епісакапат. – падкрэсліў Папа - Сённяшні момант, з’яўляецца момантам падзякі Пану за Яго кіраўніцтва, і за ўсё тое, што Ён дараваў мне і прабачыў на працягу гэтых гадоў, а таксама момантам успамінаў. У 1951 г. свет быў абсалютна іншым: не было тэлебачання, інтэрнэта, камп’ютэраў, мабільных тэлефонаў – здаецца мы прыйшлі з дагістарычных часоў. Нашы гарады і эканомікі краін былі разбураны, панавала вялікая матэрыяльная і духоўная беднасць, але ў той жа час было моцнае жаданне і воля абнаўлення нашых краін, уваходу ў вялікі Касцёл Хрыста, які з’яўляецца народам Божым і вядзе нас да свету Бога. Так мы пачыналі: з вялікім энтузіязмам і радасцю”.

Папа ўзгадаў ІІ Ватыканскі Сабор, калі здавалася гэтыя ідэі пачалі рэалізоўвацца, потым культурную рэвалюцыю 1968 г., “цяжкія гады, калі, здавалася, лодка Хрыста была поўная вады”. “Аднак Хрыстус быў сярод нас і вёў нас. - сказаў Святы Айцец - Потым былі незабыўныя гады працы каля благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ”.

“І нарэшце, нечаканае 19 красавіка 2005 г., калі Пан паклікаў мяне да новага задання. За гэтыя 60 гадоў усё змянілася, але засталася вернасць Хрысту: Ён такі самы учора, сёння і заўсёды. Гэта наша упэўненасць асвячае нам шлях у будучыню. Момант успамінаў, момант падзякі, гэта таксама момант надзеі: “Пану веру, дык не буду асаромлены навекі”, - звярнуўся да прысутных кардыналаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.