2011-07-01 12:01:29

Бэнэдыкт XVI: эгаізм – гэта прычына беднасці і голада


RealAudioMP3 1 ліпеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 37-й Канферэнцыі ФАО (міжнароднай арганізацыі ААН па праблемах харчавання і сельскай гаспадаркі), якая праходзіць у Рыме з 25 чэрвеня па 2 ліпеня. У сваёй прамове Папа заклікаў да барацьбы з беднасцю і голадам, нагадаў, што прычынай крызіса сталі не толькі праблемы ў тэхнічнай і эканамічнай сферах, але і ў маральнай, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць адкрыцця каштоўнасці сямейных сельскіх прадпрыемстваў.

“У часы крызіса, які закрануў амаль усе сферы эканамічнай і сацыяльнай рэальнасці, яшчэ больш тэрміновай з’яўляецца патрэба барацьбы з беднасцю, першага кроку, неабходнага, каб вызваліць міліёны людзей, дзяцей і жанчын, ад голада. - сказаў Пантыфік - Грунтоўнае разважанне прымушае нас шукаць прычыны сённяшняй сітуацыі не абмяжоўваючыся толькі аналізам ўзроўняў вытворчасці, павелічэннем патрэбы ў прадуктах харчавання ці зменлівасцю коштаў: гэты фактары безумоўна важныя, але яны ствараюць рызыку разумення драмы голада толькі ў тэхнічным ключы”. Святы Айцец адзначыў, што беднасць, недаразвіццё і голад з’яўляюцца вынікам эгаізму, які, выходзячы з чалавечага сэрца, праявіўся ў сацыяльнай сферы, эканамічным абмене, стане рынку, недахопе ежы і пераўтварыўся ў адчужэнне першаснага права кожнага чалавека харчавацца і быць свабодным ад голада. “Як мы можам быць спакойнымі перад фактам, што ежа стала аб’ектам спекуляцый, а фінансавы рынак, пазбаўлены дакладных правілаў і маральных прынцыпаў, мае адзіную мэту – прыбытак?”, - запытаў Бэнэдыкт XVI.

Папа звярнуў увагу існуючую ў свеце патрэбу ў салідарнасці паміж краінамі для вырашэння гэтых праблем. “Неабходна, каб салідарнасць стала першасным крытэрыем кожнага палітычнага акту і стратэгіі, і, такім чынам, міжнародная супольнасць пачала б служыць усёй чалавечай сям’і, асабліва самым бедным”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI заклікаў нанава адкрыць каштоўнасць сельскіх сямейных прадпрыемстваў і падтрымліваць іх, каб дасягнуць стабільнай харчовай бяспекі. “Сапраўды, у сельскім свеце, традыцыйная сям’я мае заданне спрыяць вытворчасці прадуктаў харчавання праз мудрую перадачу ад бацькоў да дзяцей не толькі сістэмаў вырошчвання, захавання і продажу прадуктаў, але таксама і спосабаў жыцця, адукацыйных прынцыпаў, культуры, рэлігійнасці, разумення сакральнасці асобы на ўсіх этапах яе жыцця”, - звярнуў увагу удзельнікаў 37-й Канферэнцыі ФАО Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.