2011-07-01 15:31:58

Арцыбіскуп Кандрусевіч: я удзячны Святому Айцу за давер


RealAudioMP3 Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў 30 чэрвеня 2011 г. новае прызначэнне. Папа Бэнэдыкт XVI даверыў яго пастырскай апецы Пінскую дыяцэзію. Якой бачыць будучыню дыяцэзіі арцыбіскуп Кандрусевіч, якія выклікі стаяць перад ёй сёння, ці была паская намінацыя неспадзяванай для іерарха? – у інтэрв’ю нашай рэкацыі.

Эксцэленцыя, якія выклікі стаяць перад Вамі і даверанай вым дыяцэзіяй сёння? Якія планы на бліжэйшую будучыню?

Найперш хачу сказаць, што я ведаю гэту дыяцэзію, але адна справа назіраць з боку, а зусім іншая ўвайсці ў сутнасць яе жыцця. Таму, першае заданне, распазнаць справу, распазнаць самыя балючыя праблемы, якія існуюць у гэтай дыяцэзіі, каб потым спрабаваць іх вырашаць. Маім першым крокам было пацвярджэнне паўнамоцтваў біскупа Казіміра Вялікасельца, як Генеральнага вікарыя, а таксама канцлера і натарыўса, каб курыя магла працаваць. Далей прыдзе чарга канкрэтных пытанняў, якія стаяць перад Касцёлам: персанальных і арганізацыйных.

Гэта намінацыя была для Вас сюрпрызам?

Так, яна была неспадзяванай, бо калі я палічыў усе намінацыі, якія я атрымліваў на працягу майго біскупскага служэння, то ўжо пальцаў на маёй руцэ не хапае: у 1989 г. – прызначэнне Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі; у 1991 г. – Апостальскім Адміністратарам для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі; у 1998 г. – Апостальскім Адміністратарам для католікаў Паўночнай часткі Расіі; потым, у 2002 г., Мітрапалітам у Маскве; у 2007 г. Мітрапалітам у Мінску; ну і апошняе прызначэнне я атрымаў учора. З аднаго боку, я ўжо прызвычаіўся да гэтага, але з іншага – гэта быў вялікі сюрпрыз. Сёння дыяцэзія патрабуе правячага біскупа і я спадзяюся, што ардынарый будзе прызначаны, але пэўны час мне трэба будзе выконваць яго функцыі.

Вы лічыце, што Ваша намінацыя, гэта пэўны пераходны этап да нейкіх чарговых зменаў у Касцёле ў Беларусі?

Паводле Кананічнага права дыяцэзія павінна мець ардынарыя. Ужо сам тытул Апостальскі Адміністратар, тым больш “ad nutum Sanсtae Sedіs”, кажа аб тым, што гэта намінацыя часовая. Але наколькі часовая, мне вельмі цяжка сказаць, бо, напрыклад, кардынал Казімір Свёнтэк выконваў свае абавязкі як Апостальскі Адміністратар на працягу 20 гадоў.

Гледзячы ў перспектыве развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, гэта намінацыя – Ваша намінацыя, азначае пераходны этап, ці далейшае дынамічнае развіццё Касцёла ў Беларусі?

Менавіта развіццё, бо, як я ўжо казаў, дыяцэзія не можа заставацца без біскупа, які кіруе ёй і таму, каб не спыняць гэтага дынамічнага развіцця, трэба было прыняць нейкае рашэнне. Пакуль яшчэ не вырашана, хто будзе ардынарыем, неабходна было гэта прызначэнне, але гэта на маю думку. Але трэба таксама ведаць думку Святога Айца. Я ўпэўнены, што калісці будзе прызначаны ардынарый і будзе далейшае развіццё.

Эксцэленцыя, гэта вельмі складанае заданне для Вас, але абсалютна шчыра хачу сказаць, што яно Вам па сілах і сапраўды жадаю, ад свайго імя, ад імя нашай рэдакцыі, ад імя нашых слухачоў вялікіх поспехаў на ніве Пінскай дыяцэзіі.

Дзякуй! Вядома, што Мінска-Магілёўская дыяцэзія не малая і існуюць розныя праграмы, якія рэалізуюцца, і якія трэба яшчэ рэалізаваць. Тут таксама вялікія тэрыторыі і Пінск, гэта не 30 км ад Мінска, а ўсе 320 км. Аднак, крэда майго жыцця – гэта словы Езуса Хрыста: “Будзь воля Твая”. І тут, у гэтай намінацыі, у гэтым рашэнні Святога Айца Бэнэдыкта XVI, як Наступніка св. Пятра, я бачу Божую волю і падпарадкоўваюся толькі ёй. Я хачу як мага леппш выканаць гэтае заданне. Удзячны Святому Айцу за давер. Ён ведае, што ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шмат працы, і мы з ім неаднойчы аб гэтым размаўлялі, аднак ён прыняў такое рашэнне і я павінен яго выканаць. Дзякуй за віншаванні з вашага боку. Прашу радыёслухачоў маліцца аб тым, каб я мог годна выканаць гэта новае заданне.







All the contents on this site are copyrighted ©.