2011-06-30 14:40:13

Спачувальная тэлеграма Папы ў сувязі са смерцю кардынала Стэрцынскага


RealAudioMP3 Святы Айцец выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Георга Стэрцынскага. “Са смуткам я прыняў навіну аб адыходзе ў вечнасць Яго Эмінэнцыі кардынала Георга Стэрцынскага. Пан Бог паклікаў да сябе свайго вернага слугу пасля працяглай хваробы, якую ён пераносіў з цярплівасцю і верай”. - адзначыў Папа ў тэлеграме на імя дапаможнага Біскупа Берлінскай архідыяцэзіі Маціяса Хайнрыха. Бэнэдыкт XVI выказаў сваю блізкасць духавенству і вернікам дыяцэзіі ў малітве за памерлага арцыбіскупа Берлінскага.

Папа ўзгадаў, што кардынал Стэрцынскі ўмеў у гады падзелу Германіі і Берлінскай дыяцэзіі, а затым пасля падзення Бярлінскай сцяны, аб’ядноўваць усіх вакол сябе. Адным з прыярытэтаў слыжэння іерарха было паяднанне. Папа нагадаў, што кардынал клапаціўся асаблівым чынам пра бяздомных, бежанцаў і эмігрантаў і намагаўся, каб домам для іх стаў Касцёл.

“Езус Хрыстус, Добры Пастыр, няхай узнагародзіць яго нябеснай спадчынай і падорыць жыццё ў поўні ў сваім валадарстве”, - напісаў у тэлеграме Святы Айцец.

Кардынал Георг Стэрцынскі, арцыбіскуп Берлінскі на пенсіі памёр сёння раніцай ў Берліне. Іерарх нарадзіўся ў 1936 г. у Варлаку Вармскай дыяцэзіі на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У гады Другой сусветнай вайны яго сям’я пераехала ў Цюрынгію. 29 чэрвеня 1960 г. Стэрцынскі прыняў святарскае пасвячэнне. На працягу доўгіх часоў быў кіраўніком парафіяльнай супольнасці св. Яна Хрысціцеля ва універсітэтскім горадзе Іена. У камуністычныя часы гэта была самая вялікая парафіяльная супольнасць ва Усходняй Германіі.

У 1989 г. Георг Стэрцынскі атрымаў біскупскую сакру і быў прызначаны біскупам, а пазней арцыбіскупам Берліна. Іерарх доўгі час узначальваў біскупскую канферэнцыю Германіі. У 1991 г. папа Ян Павел ІІ далучыў Георга Стэрцынскага да калегіі кардыналаў. 24 лютага 2011 г. Бэнэдыкт XVI прыняў адстаўку іерарха, які пасля двух аперацый прабываў у штучнай коме ў берлінскім шпіталі. На працягу доўгіх гадоў кардынал Стэрцынскі быў членам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.