2011-06-30 14:58:57

Папа павіншаваў “L’Osservatore Romano” са 150-годдзем


RealAudioMP3 1 ліпеня 1861 г., 150 гадоў таму, выйшаў першы нумар ватыканскае газеты “L’Osservatore Romano”. З гэтай нагоды папы Бэнэдыкт ХVI скіраваў спецыяльнае пасланне на імя галоўнага рэдактара выдання Джаванні Марыя Віяна. Святы Айцец сцвярджае, што з самага пачатку газета абараняла прынцыпы справядлівасці.

Святы Айцец нагадаў аб трагічных падзеях гісторыі чалавецтва: першую сусветную вайну, якая знішчыла Еўропу, узнікненне таталітарных рэжымаў з іх трагічнымі ідэалогіямі, якія не прызнавалі праўды і зневажалі чалавека, падзеі Другой сусветнай вайны. Папа адзначыў, што газета Апостальскай Сталіцы сумленна інфармавала, нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы, “аб гэтых змрочных гадах, аб халоднай вайне і аб пераследаванні хрысціян камуністычнымі рэжымамі ў многіх краінах свету”. Выданне адважна падтрымлівала намаганні папаў Бэнэдыкта ХV, Пія ХІ і Пія ХІІ у абароне праўды і справядлівасці ў свеце, адзінага фундаменту міра”, - адзначыў Папа.

Выданне сачыла за працамі Ватыканскіх Сабораў і іншых Сінадальных асамблей, якія з’яўляюцца выразам жывучасці і багацця дароў Касцёла. “L’Osservatore Romano” заўсёды паведамляе аб дзейнасці і сітуацыі каталіцкіх супольнасцяў, якія жывуць у цяжкіх умовах.

Папа заўважыў, што сёння выданне Апостальскай Сталіцы з’яўляецца “выданнем ідэй”, фармацыйным, а не толькі інфармацыйным органам. Паводле Святога Айца, “газета павінна верна працягваць сваю працу, якую рабіла да гэтага часу, звяртаючы ўвагу на хрысціянскі Усход, экуменічную дзейнасць розных Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў, на пошук шляхоў сяброўства і супрацоўніцтва з юдаізмам і іншымі рэлігіямі”.
Папа падкрэсліў, што па прашэсці 150-ці гадоў “L’Osservatore Romano” ведае як выказаць сяброўскае стаўленне Апостальскай Сталіцы да чалавецтва нашых часоў, стаючы ў абарону чалавечай асобы, створанай на вобраз і падабенства Бога і адкупленага Хрыстом.







All the contents on this site are copyrighted ©.