2011-06-30 12:11:56

Памёр кардынал Георг Стэрцынскі


RealAudioMP3 Сёння раніцай ў Берліне памёр кардынал Георг Стэрцынскі, арцыбіскуп Берлінскі на пенсіі. Іерарх нарадзіўся ў 1936 г. у Варлаку Вармскай дыяцэзіі. У гады Другой сусветнай вайны яго сям’я пераехала ў Цюрынгію. 29 чэрвеня 1960 г. Стэрцынскі прыняў святарскае пасвячэнне. На працягу доўгіх часоў быў кіраўніком парафіяльнай супольнасці св. Яна Хрысціцеля ва універсітэтскім горадзе Іена. У камуністычныя часы гэта была самая вялікая парафіяльная супольнасць ва Усходняй Германіі.

У 1989 г. Георг Стэрцынскі атрымаў біскупскую сакру і быў прызначаны біскупам, а пазней арцыбіскупам Берліна. Іерарх доўгі час быў старшынёй епіскапата Германіі. У 1991 г. папа Ян Павел ІІ далучыў Георга Стэрцынскага да калегіі кардыналаў. 24 лютага 2011 г. Бэнэдыкт XVI прыняў адстаўку кардынала, які пасля двух аперацый прабываў у штучнай коме ў берлінскім шпіталі. На працягу доўгіх гадоў іерарх быў членам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.